• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Следства разглядае 6 версій забойства Шарамета

    Пра гэта ў эфіры тэлеканала “112 Україна” заявіў дарадца кіраўніка Савета бяспекі Украіны (СБУ) Юрый Тандзіт, перадае “Украінская праўда”.

    “Іх ужо шэсць (версій, – ред.), я магу толькі назваць папярэднія чатыры”, – расказаў Тандзіт. Маецца на ўвазе прафесійная дзейнасць, непрыязныя стасункі ці асабістыя матывы, расійскі след (дэстабілізацыя сітуацыі ва Украіне), замах на Алену Прытулу – сузаснавальніцу “Украінскай праўды”. Гэтыя чатыры версіі Ю. Тандзіт агучваў яшчэ 20 ліпеня, у дзень забойства.

    Павел Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня ў Кіеве ад выбуху ў аўтамабілі Алены Прытулы, у якім ён знаходзіўся. Выбуховае прыстасаванне было закладзенае блізка ля месца кіроўцы. Самой Прытулы ў машыне не было.

    Прадстаўнікі МУС Украіны паведамілі 20 ліпеня, што машына, верагодна, была ўзарваная самаробнай безабалонкавай бомбай магутнасцю 400–600 грамаў у трацілавым эквіваленце з дыстанцыйным кіраваннем. Журналіст паспеў праехаць некалькі дзясяткаў метраў.

    Нацыянальная паліцыя Украіны 20 ліпеня ўзбудзіла крымінальную справу па факце гібелі паводле артыкула “Наўмыснае забойства, учыненае спосабам, небяспечным для жыцця многіх асобаў”. Распачата дасудовае расследаванне. Як паведамляе «Украінская праўда» са спасылкай на крыніцу ў праваахоўных органах, паліцыя забрала запісы з камер відэаназірання ў раёне забойства. «Працуюць з відэа»,  – цытуе выданне словы крыніцы.

    Пракурор Кіева Раман Гоўда заяўляў журналістам, што расследаванне забойства знаходзіцца пад яго асабістым кантролем. Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка даручыў міністру замежных спраў Паўлу Клімкіну запрасіць да расследавання Europol. Раней сваю згоду далі прадстаўнікі ФБР. У заяве прадстаўніка Дзярждэпартамента ЗША Джона Кірбі гаворыцца, што ФБР ужо дапамагае ўкраінскім уладам у правядзенні поўнага і неперадузятага расследавання.

    Павел Шарамет нарадзіўся ў Мінску 28 лістапада 1971 года. Вучыўся на гістфаку БДУ і на факультэце міжнародных стасункаў БДЭУ.

    У 1994—1995 гадах быў аўтарам і вядучым штотыднёвай аналітычнай праграмы «Праспект» (вытворчасць незалежнай тэлекампаніі «Фіт») на Беларускім тэлебачанні. У 1995 годзе атрымаў ад Беларускага ПЭН-цэнтра прэмію імя Алеся Адамовіча як найлепшы тэлевізійны журналіст Беларусі.

    У 1995–1996  г.г. быў галоўным рэдактарам «Белорусской деловой газеты».

    З верасня 1996 працаваў на расійскім тэлеканале ОРТ (пазней “Первый канал”): кіраваў беларускім бюро, быў шэф-рэдактарам аддзелу карэспандэнцкай сеткі ОРТ, намеснікам дырэктара «Дырэкцыі інфармацыйных праграм ОРТ», пасля кіраваў аддзелам спецпраектаў Дырэкцыі дакументальнага кіно расійскага “Первого канала”, з якога канчаткова сышоў у 2008 годзе.

    У ліпені 1997 года яго разам з Дзмітрыем Завадскім арыштавалі пасля рэпартажу пра сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы. Журналістаў абвінавацілі ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Шарамет быў асуджаны на два гады пазбаўлення волі ўмоўна і да аднаго году выпрабавальнага тэрміну, правёў у турме агулам тры месяцы.

    У 1997 годзе атрымаў прэмію Міжнароднага камітэта абароны журналістаў за ўнёсак у развіццё свабоды слова. У 1999 годзе быў намінантам прэміі ТЭФІ Акадэміі расійскага тэлебачання як «найлепшы рэпарцёр» года, у 2001 выйшаў у фінал гэтага конкурса ў намінацыі «журналісцкае расследаванне» за фільм «Дзікае паляванне». У 2002 годзе атрымаў прэмію Парламенцкай асамблеі АБСЕ «За журналістыку і дэмакратыю».

    У суаўтарстве са Святланай Калінкінай напісаў кнігу «Случайный президент», якую ў 2008 годзе беларускі КДБ спрабаваў праз суд зрабіць “экстрэмісцкай”.

    З 2009 быў рэдактарам аддзела палітыкі і грамадства ў часопісе «Огонёк». У 2011 пэўны час вёў перадачу “Приговор” на расійскім тэлеканале РЕН ТВ.

    У сакавіку 2010 года быў пазбаўлены расійскага грамадзянства з‑за таго, што мае грамадзянства Расіі.

    Заснавальнік вэб-рэсурса «Белорусский партизан», якім кіраваў да апошняга часу. У 2012 годзе стварыў сайт навукова-папулярнага гістарычнага інтэрнэт-выдання «Историческая правда».

    Апошнія пяць гадоў жыў у Кіеве, працаваў у інтэрнэт-выданні «Украинская правда», на ўкраінскім тэлеканале 24 і на «Радио Вести».

    Павел Шарамет – сябра ГА «БАЖ» з 1997 года. Працуючы на расійскім «Первом канале», ініцыяваў заснаванне прэміі Дзмітрыя Завадзкага За мужнасць і прафесіяналізм для беларускіх журналістаў, якую штогод ўручаў разам з ГА “БАЖ” на працягу некалькіх гадоў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці