Шведскі інстытут FOJO святкуе 50-годдзе. 25 з іх ён дапамагае беларускаму медыясектару
Палову са сваіх 50-ці гадоў дзейнасці шведскі інстытут павышэння кваліфікацыі журналістаў шчыльна супрацоўнічае з БАЖ. За гэты час праз адукацыйныя праграмы FOJO прайшлі літаральна ўсе незалежныя рэдакцыі беларускага медыясектара.
Не разрозненыя разавыя семінары, а цэлыя курсы на некалькі тыдняў
FOJO працуе разам з партнёрамі як у Швецыі, так і ва ўсім свеце над умацаваннем і развіццём журналістыкі і СМІ — каб яны маглі рабіць свой унёсак у больш дэмакратычны і ўстойлівы свет.
Напрыканцы ХХ-га стагоддзя ўвагу ўсяго свету прыцягвалі маладыя рэспублікі Усходняй Еўропы, якія ўтварыліся пасля распаду Савецкага Саюза. У другой палове 1990‑х гадоў у Беларусь прыехаў тагачасны кіраўнік FOJO, каб наладзіць стасункі з беларускімі СМІ.
З таго візіту пачалося шчыльнае супрацоўніцтва FOJO і БАЖ.
Шведскі інстытут павышэння кваліфікацыі журналістаў адпачатку прапаноўваў адукацыйныя праграмы. Адметнасцю стала тое, што гэта былі не разрозненыя разавыя семінары, а цэлыя курсы на некалькі тыдняў.
Удзельнікі з Беларусі прыязджалі ў Швецыю на працяглы час. Іх знаёмілі з экспертамі, выбітнымі журналістамі, супрацоўнікамі інстытута, а таксама ладзілі для беларусаў экскурсіі ў разнастайныя шведскія медыя і паказвалі, як працуе шведская журналістыка.
Паступова на падобныя сустрэчы шведскія арганізатары пачалі запрашаць не толькі сваіх спецыялістаў, але і экспертаў з іншых краін. Гэтае паслядоўнае 25-гадовае супрацоўніцтва па стандартах шведскага медыяінстытута дапамагло падвысіць узровень беларускай журналістыкі.
Каля двух дзясяткаў мясцовых трэнераў
З дапамогай FOJO Беларуская асацыяцыя журналістаў падрыхтавала цэлы пул трэнераў унутры краіны. БАЖ абіраў тых беларускіх журналістаў, якія нечага ўжо дасягнулі ў прафесіі, і прапаноўваў ім падзяліцца сваім досведам з калегамі. Прычым, не толькі з суайчыннікамі, але і з медыйшчыкамі з іншых краін СНД, напрыканцы 1990‑х БАЖ актыўна наладжваў з імі стасункі.
Падрыхтоўка медыятрэнераў доўжылася каля 3–4 гадоў.
З таго часу ў Беларускай асацыяцыі журналістаў не было праблем праводзіць уласныя трэнінгі, адукацыйныя праграмы, бо з’явілася каля двух дзясяткаў мясцовых трэнераў.
Асаблівасць супрацы з FOJO — гэта заўсёды быць на крок наперадзе будучых папулярных трэндаў. Шведскі інстытут стала адсочвае тэндэнцыі, таму нашыя адукацыйныя праграмы будаваліся не ўслед папулярным тэхналогіям, а троху апярэджваючы іх.
Новы трэнд мог толькі з’явіцца і яшчэ не набыць папулярнасць, а на занятках ужо абмяркоўвалася, якім чынам ён можа быць карысным беларускаму медыясектару.
Так, у нулявых цягам сямі гадоў працавала праграма па канвергентных медыя. У яе межах трэнеры тлумачылі рэгіянальным і нацыянальным медыя, што наступае эпоха web-журналістыкі. Што яна выходзіць наперад, адсоўваючы прынт на другі план, таму трэба перабудоўваць звыклыя да гэтага часу алгарытмы працы рэдакцый. Уладальнікі беларускіх медыя ў той час былі ўпэўненыя, што калі прынт іх корміць, то нічога іншага і не трэба рабіць.
У межах праграмы па канвергентных медыя рабіўся упор на менеджараў першага ўзроўню — каб іх перавесці на гэты web, пераканаць, што яго трэба развіваць. Да таго, была адукацыйная лінейка для менэджэраў другога ўзроўню, каб яны потым маглі падхапіць нейкія справы, бо адзін чалавек ужо не мог, як раней, разрывацца і на web-сайт, і на друкаваную версію выдання, і займацца гаспадарскай дзейнасцю. Уладальнікі медыя пачалі расціць памочнікаў, якім можна было дэлегаваць частку паўнамоцтваў.
Многае з гэтай задумы БАЖу разам з FOJO удалося рэалізаваць.
Праграма дапамагла падвысіць устойлівасць незалежных медыя: у выпадку арышту ўладальніка, менеджмент другога ўзроўню нармальна арганізоўваў працоўны працэс, і СМІ працягвала нармальна працаваць надалей.
У вялікай ступені, дзякуючы таму, што айчынны медыясектар нарэшце паверыў у web-журналістыку і пачаў яе развіваць, ён змог выстаяць, калі быў нанесены ўдар па друкаваных выданнях і іх пазбавілі магчымасці друкавацца. Як паказала гісторыя, многія незалежныя рэгіянальныя медыя захаваліся ў інтэрнэце.
Усе праграмы адаптаваліся пад беларускія рэаліі
Шведскі інстытут ладзіў для беларусаў фота- і відэакурсы, праграмы па вузкіх спецыялізацыях, жанравай журналістыцы, журналісцскай этыцы.
Таму можна сцвярджаць, што за 25 гадоў супрацоўніцтва БАЖ з FOJO праз гэтыя адукацыйныя праграмы так ці інакш прайшлі ўсё рэдакцыі незалежных медыя.
І не толькі яны. FOJO імкнуўся наладзіць стасункі з усім медыясектарам Беларусі, таму на шведскіх курсах пабывала як мінімум траціна дзяржаўных медыя. Ладзіліся сумесныя групы, калі ў адукацыйную паездку выпраўляліся разам прадстаўнікі незалежнага і дзяржаўнага сектара.
FOJO супрацоўнічаў з факультэтам журналістыкі БДУ, імкнучыся зрабіць яго больш адкрытым, дэмакратычным і прагрэсіўным. На пачатку 2010‑х гадоў FOJO запрашаў у Швецыю выкладчыкаў журфака, а таксама ладзіў сумесныя групы студэнтаў і выкладчыкаў.
Дзякуючы добрым партнёрскім стасункам усе праграмы адаптаваліся пад беларускія рэаліі. Калі БАЖ бачыў, што ў раскладзе заяўленыя трэнеры ці эксперты, якія далёкія ад рэаліяў Беларусі, то звярталася да партнёраў па карэктыроўку праграмы. Партнёры з FOJO ішлі насустрач і часам маглі нават змяніць экспертаў.
Шматгадовае ўзаемадзеянне стала плённым. Яно дало шмат не толькі асобным беларускім журналістам, але і незалежнаму беларускаму медыясектару ў цэлым. У вялікай ступені сённяшняя ўстойлівасць айчынных недзяржаўных СМІ, а таксама адсутнасць істэрыі, якая магла б узнікнуць у сітуацыі, у якой апынуліся рэдакцыі пасля 2020 года, — гэта ўсё вялікая заслуга FOJO і супрацоўніцтва з ім БАЖ.
Мінула чвэрць стагоддзя, і ў дзень юбілея FOJO мы зазначаем: супраца БАЖ і FOJO працягваецца.