Рэйдэрскі захоп «БелГазеты»? Што вядома пра скандал вакол выданьня
-
Як стала вядома 21 студзеня, незалежнае выданьне «БелГазета» ўзначаліў праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Ён запэўніў, што за рэдакцыйную палітыку па-ранейшаму будзе адказваць рэдакцыя, умешвацца ў яе праваабаронца ня будзе, а будзе займацца толькі камэрцыйнымі пытаньнямі, «паставіць газэту на нармальныя эканамічныя рэйкі».
-
У той жа дзень былы дырэктар і асноўны ўладальнік (75%) выданьня Кірыл Жываловіч напісаў у камэнтарах да гэтай навіны на фэйсбуку журналіста Паўлюка Быкоўскага: «Гэта рэйдэрскі захоп рэдакцыі, адным з выканаўцаў якога ёсьць Бандарэнка. Цяпер працуюць юрысты. Усе падрабязнасьці будуць у сераду».
-
Бандарэнка адказаў у камэнтары «Эўрарадыё» на камэнтар Жываловіча: «Ніхто нічога не захопліваў». Паводле Бандарэнкі, Жываловіч «год не зьяўляўся на працы», а «ў сьнежні паўстала пытаньне, што газэта больш ня будзе выходзіць». Зьмена дырэктара была законнай, а «захопліваць прадпрыемства зь вялікімі стратамі — як мінімум бязглузда».
-
Жываловіч у камэнтары Свабодзе не пагадзіўся са сказаным Бандарэнкам, але пракамэнтаваць усю гісторыю паабяцаў пазьней.
-
Сузаснавальнік і ўладальнік чвэрці акцыяў Ігар Высоцкі адмовіў Свабодзе ў камэнтары аб сытуацыі вакол газэты — параіў зьвяртацца да Бандарэнкі. «Мне зусім фіялетава, — сказаў Высоцкі. — А пэрсанаж Жываловіч нецікавы зусім. Ні зь якіх пазыцыяў. Яго няма, ён нуль! Тэлефануйце Бандарэнку».
-
На тэлефанаваньні ў рэдакцыі не адказваюць ні па якіх нумарах.
-
«БелГазета» была заснаваная ў 1995 годзе пасьля расколу «Белорусской деловой газеты» як «Белорусская газета» (зьмяніла назву ў 2005‑м). Выходзіць штотыдзень на паперы на расейскай мове, наклад на момант публікацыі — 8100 асобнікаў. Таксама вядзе сайт Belgazeta.by.
-
Былы палітвязень Бандарэнка вядомы як заснавальнік праваабарончай арганізацыі «Плятформа» (іншых праваабаронцаў, «Вясну» ён крытыкаваў за «манапалізацыю»). Раней Бандарэнка не займаўся СМІ і выдавецкай справай.
-
За два тыдні да прызначэньня Бандарэнкі ў «БелГазету» ад ягонага імя па рэдакцыях СМІ рассылалася прапанова ўзяць расейскі грант на 101 тысячу даляраў «на правядзеньне ўзгодненай інфармацыйнай палітыкі» (ад расейскага «фонду „Открытая Белоруссия“» — раней пад такой назвай фігураваў латвійскі фонд, які згадваўся збольшага толькі на старонках выданьня Regnum). Бандарэнка заявіў «Нашай ніве», што ня мае да гэтага дачыненьня, але «валодае інфармацыяй, якая ўказвае на чалавека, які займаецца гэтай лухтой».