Рэдактара сайта “Народныя Навіны Віцебска” Сяргея Серабро выклікалі ў ГУБАЗіК
Пра гэта Сяргей Серабро напісаў у Фэйсбуку з кароткім тлумачэннем — што выклікаюць “па падзеяй 2020 года”. Іншых падрабязнасцяў пра тое, што стала нагодай выкліку ў ГУБАЗіК (упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй), ён пакуль не ведае.
У кастрычніку 2020 года Сяргея Серабро, а таксама Таццяну Мацвееву і Алеся Пілецкага міліцыянты затрымлівалі для прафілактычнай гутаркі. Тады журналісты меліся асвятляць мірнае шэсце ў Віцебску, але апынуліся ў аддзеле ўнутраных спраў Першамайскага раёна. Паводле слоў Сяргея, ніякіх прэтэнзій у міліцыянтаў тады не было.
“Спачатку нас пасадзілі ў залу, перапісалі нашы дадзеныя і праверылі дакументы. Потым сталі выклікаць кожнага на індывідуальную гутарку. Змест яе палягаў у тым, што мы рызыкуем трапіць пад адміністрацыйны артыкул 23.34 як удзельнікі несанкцыянаванай акцыі, калі ў нас не будзе пасведчанняў, бэйджаў і камізэлек са словам “Прэса”. Пры гэтым міліцыянты пацвердзілі, што ведаюць мяне не проста ў твар, а нават імя і імя па бацьку. Таму пытанняў, ці я прадстаўнік СМІ, у іх паўставаць не мусіла б. Напрыканцы мне прапанавалі падпісаць пратакол прафілактычнай гутаркі і адпусцілі”, — распавядаў пра даўні інцыдэнт Сяргей Серабро.
Працягу гэтая гісторыя не мела: журналіст насамрэч не ўдзельнічаў у масавых акцыях. Сайт “Народныя навіны Віцебска”, якому ўжо 15 гадоў, апошнім часам піша найчасцей пра крымінальныя здарэнні ў рэгіёне, чым асвятляе любога кшталту палітычныя падзеі.
Што да іншых калег, якія разам з Сяргеем Серабро трапілі ў міліцыю ў кастрычніку 2020-га, то фатограф Алесь Пілецкі даўно пакінуў Беларусь, а журналістку Таццяну Мацвееву якраз цяпер судзяць па адміністрацыйнай справе. На яе склалі пратакол за несанкцыянаванае пікетаванне: за аватарку ў фэйсбуку са словамі Янкі Купалы “Хочам людзьмі звацца” на фоне палосаў белага і чырвонага колераў. Судовы працэс над журналісткай адбудзецца ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебска 25 жніўня а 15‑й гадзіне.
Чытайце яшчэ:
Іспанія, Партугалія, Таджыкістан: высветлілі, дзе адпачываюць скандальныя прапагандысты
Рэдактар «Еўрарадыё» Зміцер Лукашук едзе ў гастрольны тур па ЗША разам з Лявонам Вольскім і гуртам J:МОРС
«Яндекс» сделает новую главную страницу и уберет оттуда новости