Прэйгерман патрабуе ад “Белсата” афіцыйных выбачэнняў за неаб’ектыўнае асвятленне “Мінскага дыялогу”
Арганізатары Форума “Мінскі дыялог” патрабуюць ад кіраўніцтва тэлеканала “Белсат” афіцыйных выбачэнняў “за неаб’ектыўнае і несумленнае асвятленне мерапрыемста”. У адваротным выпадку пагражаюць “спыніць любую супрацу з тэлеканалам “Белсат”, а журналісты тэлеканала больш не атрымаюць акрэдытацыю ні на адно наша мерапрыемства”.
Пра гэта гаворыцца ў афіцыйным лісце за подпісам кіраўніка экспертнай ініцыятывы “Мінскі дыялог” Яўгена Прэйгермана на імя кіраўніцы “Белсата” Агнешкі Рамашэўская-Гузы.
Арганізатарам форума з’яўляецца экспертная ініцыятыва “Мінскі дыялог”.
“Па стане на 11 чэрвеня на тэлеканале выйшла больш за 10 матэрыялаў, якія асвятлялі працу форума ці выкарыстоўвалі запісаныя на форуме інтэрв’ю з яго ўдзельнікамі. Прытым некаторыя з гэтых матэрыялаў не даюць спасылкі на форум. …Агулам пры азнаямленні з прысвечанымі форуму матэрыяламі “Белсат” цяжка не заўважыць тэндэнцыёзнасць рэдакцыйнай палітыкі”, — гаворыцца ў лісце да Агнешкі Рамашэўскай-Гузы.
“Мы пакідаем спадзеў, што ўзгаданыя і іншыя матэрыялы адлюстроўваюць непрафесіяналізм і тэндэнцыёзнасць асобных журналістаў і рэдактараў “Белсат”, але не пазіцыю кіраўніцтва тэлеканала. Таму мы звяртаемся да Вас з прапановай зрабіць афіцыйную заяву з прабачэннямі на адрас арганізатараў і партнёраў Форума “Мінскага дыялогу” за неаб’ектыўнае і несумленнае асвятленне мерапрыемста.
Калі да 25 чэрвеня 2018 г. у эфіры і на сайце тэлеканала “Белсат” такая заява не будзе зроблена, мы будзем лічыць, што кіраўніцтва тэлеканала афіцыйна падпісваецца пад усімі словамі сваіх журналістаў.
У такім выпадку “Мінскі дыялог” са свайго боку будзе вымушаны цалкам спыніць любую супрацу з тэлеканалам “Белсат”, а журналісты тэлеканала больш не атрымаюць акрэдытацыю ні на адно наша мерапрыемства”.
Гэты ліст быў адпраўлены на адрасы аднаго з супрацоўнікаў тэлеканала «Белсат» і Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Аляксей Мінчонак, афіцыйны прадстаўнік Belsat TV у Беларусі, падкрэслівае, што арганізатары Форуму першапачаткова былі негатыўна настроеныя да журналістаў «Белсата»:
«Спадар Прэйгерман, відаць, вырашыў, што лепшая стратэгія абароны — гэта напад. Мы дагэтуль не атрымалі ад яго тлумачэнняў у сувязі з адмоваю ў акрэдытацыі журналістаў «Белсату» для працы на «Мінскім дыялогу». Кіраўнік Форуму сцвяржае, што напярэдадні мерапрыемства ён накіраваў каналу ліст, у якім дазволіў акрэдытаваць нашых журналістаў для працы на «Менскім дыялогу», а таксама кажа, што арганізатары прыклалі ўсе намаганні, каб нашыя калегі маглі паўнавартасна працаваць у гатэлі «Mariott».
Па-першае, ні я, прадстаўнік «Белсату» у Беларусі, ні хто-кольвек з дырэкцыі каналу, гэтага ліста не атрымлівалі. Па-другое, рашэнне пра акрэдытацыю нашых журналістаў на «Мінскі дыялог» было прынятае Яўгенам Прэйгерманам толькі пасля ўмяшання ў справу намесніка старшыні БАЖ Барыса Гарэцкага ды прадстаўнікоў дыпламатычнага корпусу. Да гэтага, за дзень да сканчэння працэдуры акрэдытацыі ў працы на форуме нам было адмоўлена без тлумачэння прычынаў. На мае шматлікія тэлефанаванні Яўген Прэйгерман не адказваў, іншыя прадстаўнікі дырэкцыі «Менскага дыялогу» дапамагчы ў развязанні праблемы не змаглі.
Таксама выклікае здзіўленне той факт, што свой ліст да спадарыні дырэктар Агнешкі Рамашэўскай-Гузы спадар Прэйгерман накіраваў не асабіста, а праз калегаў. Нагадаю спадару Яўгену, што спадарыня Агнешка даступная для кантакту ў Facebook ды праз асабісты email, знайсці які кіраўніку «Мінскага дыялогу», упэўнены, зусім не складана.
Спадарыня дырэктар прасіла перадаць, што адказ на свой ліст Яўген Прэйгерман атрымае ў акрэслены ім тэрмін. Дадам таксама, што з апісанымі закідамі да нашых журналістаў мы не згаджаемся».
23–25 траўня 2018 г. адбыўся першы Форум “Мінскага дыялогу”, які сабраў у беларускай сталіцы каля 500 удзельнікаў з 59 краін. Сярод іх — прадстаўнікі аналітычных цэнтраў і акадэмічных устаноў з краін ЕС, Расіі, ЗША, краін “Усходняга партнёрства”, Кітаю і іншых краін.