Праваабаронцы “Вясны” занепакоеныя сітуацыяй, якая склалася вакол блогера Андрэя Павука
ПЦ “Вясна” не могуць не непакоіць апошнія падзеі, якія адбываюцца ў розных рэгіёнах Беларусі з незалежнымі блогерамі, а менавіта ўзбуджэнне цэлай серыі крымінальных справаў у дачыненні да іх, гаворыцца на сайце spring96.org.
Крымінальныя справы былі ўзбуджаныя за апошні перыяд у дачыненні да Сяргея Пятрухіна, якога абвінавачваюць у паклёпе і абразе супрацоўніка міліцыі, і ў дачыненні да Аляксандра Кабанава, якога вінавацяць у прысваенні грашовых сродкаў, якія яму выплочвалі жыхары дома як заробак.
“І вось цяпер затрыманне і ператрус у Андрэя Павука, узбуджэнне крымінальнай справы за заведама фальшывае паведамленне аб мініраванні райвыканкама ў г. п. Акцябрскі.
Гэтая справа па сваёй сутнасці нагадвае справу, якая была ўзбуджаная ў дачыненні да гомельскага праваабаронцы Леаніда Судаленкі, з электронная пошты якога нібыта былі адпраўленыя порнаролікі ў інспекцыю па падатках і зборах і ў абласное ўпраўленне Следчага камітэту”, — пракаментаваў сітуацыю юрыст ПЦ «Вясна» Валянцін Стэфановіч.
На думку праваабаронцы, гэта можа сведчыць пра ўзмацненне барацьбы менавіта ў сферы інтэрнэта напярэдадні выбараў, якія адбудуцца ўжо ў гэтым годзе.
“Відавочна ёсць палітычны матыў у пераследах Сяргея Пятрухіна, Аляксандра Кабанава, і вось цяпер Андрэя Павука. Таму што іх усіх аб’ядноўвае тое, што яны займаюцца грамадскай дзейнасцю, здымаюць відэаролікі, адкрыта крытыкуюць улады, і цяпер на ўсіх іх амаль у адзін час паўзбуджалі крымінальныя справы.
У блогера Александра Кабанова из Березы прошли обыски
Супраць блогера Сяргея Пятрухіна распачатая крымінальная справа па двух артыкулах
І гэта ўжо больш падобна на тэндэнцыю. Мы спадзяемся, што гэтыя справы не будуць даведзеныя да суда, бо мы не можам казаць пра наяўнасць нейкага крымінальна-караемага дзеяння”, — падкрэсліў Валянцін Стэфановіч.
Праваабаронца лічыць, што сфера інтэрнэта і СМІ — тая сфера, дзе за апошні год назіраецца пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека: павелічэнне выпадкаў прыцягнення незалежных журналістаў да адміністрацыйнай адказнасці за супрацу з замежнымі СМІ, унясенне зменаў у закон “Аб СМІ”, кантроль над інтэрнэтам — усё выбудоўваецца ў адну лінію. Цяпер улады актыўна ўзяліся і за незалежных блогераў.
“Мы вельмі занепакоеныя гэтым усім і будзем пільна сачыць за сітуацыяй, а ў выпадку чаго — рэагаваць пэўным чынам”, — адзначыў Валянцін Стэфановіч.
Андрэй Павук — вядомы беларускі відэаблогер і сябра ГА «Беларуская асацыяцыя журналістаў». Ён вядзе ў сацсетках блог «Рудабельская паказуха», у якім крытыкуе мясцовыя ўлады.