• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Прадстаўнік ГА «БАЖ» увайшоў у Міжнародную камісію па супрацьдзеянні прапагандзе

    Сетка арганізацый медыйнага самарэгулявання (САМС), у склад якой з мінулага года ўваходзіць ГА “БАЖ”, стварыла міжнародную Кансультатыўную камісію па супрацьдзеянні прапагандзе і прыняла шэраг рэкамендацый.

    Усе рашэнні і дакументы папярэдне ўзгадняліся з нацыянальнымі органамі самакіравання, у тым ліку з Камісіяй па этыцы ГА “БАЖ”.

    “Нацыянальныя органы медыйнага самарэгулявання, сябры Сеткі арганізацый медыйнага самарэгулявання занепакоеныя ростам колькасці прапагандысцкіх матэрыялаў у СМІ, што распаўсюджваюцца як нацыянальнымі, так і міжнароднымі вяшчальнікамі і выдаўцамі…, — так тлумачаць сябры САМС свой крок па стварэнні наднацыянальнага органа самарэгулявання. — Сітуацыя наўпроставай ці ўскоснай уцягнутасці СМІ ў прапагандысцкую машынэрыю нясе пагрозу для бяспекі СМІ і журналіста, а таксама падрывае магчымасць выканання імі сваёй сацыяльнай місіі, уключаючы абарону грамадскіх інтарэсаў”.

    Паводле Палажэння пра міжнародную Камісію, у яе ўваходзіць па адным прадстаўніку ад кожнай нацыянальнай Камісіі па этыцы. Камісія ГА “БАЖ”, напрыклад, дэлегавала туды Змітра Падбярэзскага.

    Камісія разглядае толькі звароты, звязаныя з прапагандай. Зварот у міждзяржаўную камісію можа падаць толькі нацыянальны орган самарэгулявання (Камісія па этыцы). Нацыянальная камісія можа як сама ініцыяваць слухані, так і дзейнічаць ад імя нейкага заяўніка — калі палічыць яго зварот вартым разгляду на міжнародным узроўні. Тэрмін даўніны такога звароту — не больш за тры месяцы. Тэрмін разгляду скаргі міждзяржаўнай Камісіяй — не больш за 2 месяцы. Прадстаўнік краіны, з якой паступіла заява, не бярэ ўдзелу ў абмеркаванні. Канчатковае рашэнне міжнароднай Камісіі перадаецца ў сакратарыят САМС і рассылаецца ў нацыянальныя органы самарэгулявання. Тыя, у сваю чаргу, абавязаныя абнародаваць гэтае меркаванне ўнутры краіны.   

    У рэкамендацыях САМС пералічвае асноўныя прыкметы прапаганды:

       — “Аб’ектнае” стаўленне суб’екта прапаганды да канкрэтнай асобы, сацыяльнай групы, грамадства ў цэлым;
       — Мэтанакіраванае звядзенне шматмернага да двухмернага, шматкаляровага — да чорна-белага;
       — Наяўнасць выразнай мэты як чаканага выніку ўздзеяння медыя на аб’ект;
       — Мэтавы абдор фактаў, актыўны зварот да дэзінфармацыі, маніпуляванне фактамі, статыстыкай, меркаваннямі;
       — Стварэнне “вобразу ворага”;
       — Апеляванне да эмоцый замест розуму ды іншае.

    Аўтары дакумента таксама пералічваюць базавыя прынцыпы прафесійных стандартаў, сярод якіх — актуальнасць, праўдзівасць, рэлевантнасць і г.д. і нагадваюць пра бавязкі СМІ пазбягаць тыражавання чутак, правяраць праўдзівасць выкладзеных фактаў, прыносіць прабачэнні за рэдакцыйныя памылкі і г.д.

    ЧЫТАЦЬ РЭКАМЕНДАЦЫІ ЦАЛКАМ

    “Саветаў па прэсе ў Еўропе існуе некалькі, і яны ўтвараюць адмысловы Альянс, які збіраецца штогод. У “наш” Савет — САМС — уваходзяць краіны Усходняга партнёрства, Расія і Таджыкістан, — кажа Анатоль Гуляеў. — Камісія па этыцы ГА “БАЖ” падтрымала і Палажэнне пра Кансультатыўную камісію па супрацьдзеянні прапагандзе, і Рэкамендацыі. Новы міжнародны орган пачне працаваць па меры ўзнікнення прэцэдэнтаў”.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці