Прадстаўнік АБСЕ па свабодзе СМІ выказаўся па справе гродзенскіх журналістаў
Прадстаўнік АБСЕ па пытаннях свабоды сродкаў масавай інфармацыі Арлем Дэзір заклікаў спыніць ціск на журналістаў тэлеканала “Белсат”.
— Затрыманне, ператрусы і канфіскацыя абсталявання журналістаў “Белсат” Аляксандра Дзянісава і Аляксея Кайрыса ў рамках расследавання справы за абразу і працы без акрэдытацыі — гэта абмежаванне свабоды СМІ. Беларускія улады мусяць зняць празмерныя абмежаванні, звязаныя з акрэдытацыяй, — напісаў прадстаўнік АБСЕ на сваёй старонцы ў Twitter.
У панядзелак міліцыя правяла ператрусы ў кватэрах гродзенскіх журналістаў Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса, якія супрацоўнічаюць з тэлеканалам “Белсат”. У журналістаў забралі камп’ютары, мабільныя тэлефоны, відэакамеру і электронныя носьбіты інфармацыі.
У адказ на гэта 30 гродзенскіх журналістаў падпісалі зварот у абарону сваіх калег Алеся Дзянісава і Аляксея Кайрыса.