Пайшоў з жыцця журналіст і паэт Алесь Мацулевіч
У Лідзе памёр паэт і журналіст Алесь Мацулевіч. Яму было 42 гады.
Аб раптоўнай смерці журналіста паведамляе на старонцы Facebook «Наша слова». Па звестках выдання, у тыдзень таму ў яго здарыўся абшырны інфаркт. Пасля двух дзён у рэанімацыі Алеся перавялі ў кардыялогію, ён нават паведаміў знаёмым, што ідзе на папраўку. Але праз некалькі дзён прыйшла сумная навіна.
Алесь Мацулевіч нарадзіўся 19 студзеня 1981 года ў Лідзе. Скончыў Лідскае педагагічнае вучылішча, Берасцейскі дзяржаўны ўніверсітэт імя А.С.Пушкіна (філалагічны факультэт). Працу пачаў у незалежнай газеце «Тэлескоп», а пасля яе закрыцця перайшоў у «Лідскую газету». Праз увесь час супрацоўнічаў з выданнем «Наша слова». З’яўляўся актыўным сябрам і кіраўніком раённага літаб’яднання «Суквецце» пры рэдакцыі «Лідскай газеты».
У 2015 годзе выйшла першая кніга паэзіі Алеся Мацулевіча «Леў і ключы». А ў 2019 годзе – зборнік «Горад-карабель». Журналіст падрыхтаваў да друку трэці зборнік вершаў «Бронзавы Гедымін», але ўбачыць яго не паспеў.
Алесь Мацулевіч быў пераможцам Трэцяга адкрытага рэгіянальнага конкурсу імя Веры Навіцкай «Дарослыя – дзецям» (2018). З’яўляўся ўдзельнікам народнага аматарскага аб’яднання «МузАльянс» у Лідзе. Некаторыя з яго вершаў пакладзены на музыку.