Пасля ператрусаў і допытаў рэдактараў «Нашай Нівы» пакінулі за кратамі АБНОЎЛЕНА
Раніцай 8 ліпеня сілавікі прыйшлі ў рэдакцыю "Нашай Нівы" і дадому да работнікаў медыя.
Ператрусы і допыты супрацоўнікаў "Нашай Нівы" праводзяцца паводле арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх), арт. 293 КК (масавыя беспарадкі).
Сілавікі правялі ператрусы ў рэдакцыі і офісе бухгалтэрыі выдання, а таксама дома ў рэдактара Ягора Марціновіча, Андрэя Скурко, Андрэя Дынько і ў бухгалтара Вольгі Раковіч.
Галоўны рэдактар "Нашай Нівы" Ягор Марціновіч праходзіць падазраваным паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх). Ён затрыманы на 72 гадзіны і будзе дастаўлены ў ІЧУ на Акрэсціна.
Кіраўнік аддзела рэкламы і маркетынгу "Нашай Нівы" Андрэй Скурко таксама праходзіць падазраваным паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх). Ён затрыманы на 72 гадзіны і будзе дастаўлены ў ІЧУ на Акрэсціна.
Андрэй Скурко хворы на цукровы дыябет, інсуліназалежны, яму дазволілі ўзяць лекі з разлікам на трое сутак.
Галоўны рэдактар навукова-папулярнага часопіса "Наша гісторыя" і дзіцячых часопісаў "Дуду", "Асцярожна: дзеці!" (гэтыя часопісы выдае "НН") Андрэй Дынько праходзіць падазраваным паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх). Ён затрыманы на 72 гадзіны і будзе дастаўлены ў ІЧУ на Акрэсціна.
Галоўны бухгалтар "Нашай Нівы" Вольга Раковіч — падазраваная паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя ці падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, або ўдзел у іх). Яна затрыманая на 72 гадзіны і будзе дастаўленая ў ІЧУ на Акрэсціна.
Карэспандэнта выдання Наталлю Лубнеўскую і фатографа Шуру Піліповіч-Сушчыц адпусцілі з рэдакцыі пад падпіску пра неразгалошванне.
Ператрусы праводзілі супрацоўнікі розных упраўленняў органаў унутраных спраў, допыты праходзяць у Следчым камітэце.
Перастаў адчыняцца сайт выдання «Наша Ніва» — nn.by. Ён недаступны як з Беларусі, так і за межамі краіны.
На сайце Мінінфарма з’явіўся каментар з нагоды блакавання сайта «Нашай Нівы»: «На падставе апавяшчэння Генеральнай пракуратуры ў сувязі з размяшчэннем інфармацыі, распаўсюджванне якой забаронена пунктам 1 артыкула 38 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб сродках масавай інфармацыі», Міністэрствам інфармацыі прынята рашэнне аб абмежаванні доступу да інтэрнэт-рэсурса nn.bу».