Парламент Літвы забараніў прапагандысцкія беларускія тэле- і радыёпраграмы. Мінкульт абурыўся
У чацвер літоўскі Сойм у тэрміновым парадку прыняў папраўку да закона, якая прадугледжвае часовую забарону дзяржаўных расійскіх і беларускіх тэлевізійных і радыёпраграм у краіне, піша Delfi.
За папраўку прагаласавалі 113 дэпутатаў, супраць — нуль, устрымаліся чацвёра парламентарыяў. Папраўка прадугледжвае часовую забарону на рэтрансляцыю і распаўсюджванне радыёпраграм, тэлепраграм або асобных праграм у сетцы Інтэрнэт, створаных асобамі, якія прама або ўскосна кіруюцца, кантралююцца або фінансуюцца Расіяй і Беларуссю. Гэтае палажэнне будзе дзейнічаць да 16 кастрычніка 2024 года.
Рашэнне было прынята ў тэрміновым парадку, паколькі ў пятніцу скончыўся тэрмін дзеяння пастановы Сойма аб увядзенні надзвычайнага становішча на ўсёй тэрыторыі краіны, якое забараняла рэтрансляцыю праграм, якія распаўсюджваюць дэзінфармацыю.
Паводле звестак літоўскага Міністэрства культуры, асноўныя медыя-каналы Расіі і Беларусі ўжо абмежаваны пасля расійскага ўварвання ва Украіну ў лютым рашэннямі літоўскіх ведамстваў або на падставе санкцый Еўрасаюза і ЗША.
Беларускае Міністэрства інфармацыі абурылася. У афіцыйным тэлеграм-канале ведамства з’явіўся пост з загалоўкам «Забарона беларускі’ тэлеканалаў у Літве — жаданне афіцыйнага Вільнюса падавіць любое іншадумства».
Не ўспамінаючы, колькі назалежных медыя знішчаны за апошнія два гады ў Беларусі, Мінінфарм заяўляе: «Прыняцце парламентам Літвы паправак у заканадаўства, якія прадугледжваюць забарону трансляцыі беларускіх каналаў на сваёй тэрыторыі, на думку Мінінфарма Беларусі, сведчыць аб непрыкрытым жаданні афіцыйнага Вільнюса штучна абмежаваць доступ літоўскіх грамадзян да альтэрнатыўнай інфармацыі і здушыць любое іншадумства.
Падобныя рашэнні красамоўна гавораць аб тым, што ўсе развагі літоўскіх уладаў аб свабодзе слова і дэмакратыі носяць выключна дэкларатыўны характар».
Чытайце яшчэ:
«Падчас практыкі давалі пісаць выключна пра заблукаўшых у лесе і тапельцаў»: з якімі праблемамі сутыкаюцца пачаткоўцы-журналісты
Заўтра пачнецца працэс над рэдактарам «Ежедневника» Сяргеем Сацуком. Суд будзе адкрыты
Міністр інфармацыі прыехаў у Івацэвічы і прапанаваў журналістам “пісаць праўду”