«Парэзы неглыбокія, жыцьцю нічога не пагражае». Палітзьняволены Ігар Лосік можа па-ранейшаму знаходзіцца ў ШЫЗА
20 сакавіка праваабаронцы «Вясны» паведамілі, што Ігар зрабіў спробу самагубства, знаходзячыся ў штрафным ізалятары, пасьля чаго яго накіравалі ў мэдсанчастку, піша «Радыё Свабода».
Палітзьняволены журналіст Свабоды Ігар Лосік можа зараз знаходзіцца ў ШЫЗА, а не ў мэдсанчастцы, як 20 сакавіка паведамілі праваабаронцы «Вясны». Як стала вядома Свабодзе, нейкі час таму Ігар нібыта адмовіўся «займацца прыбіраньнем памяшканьня», і яму прыгразілі, што зьмесьцяць у ШЫЗА. Лосік у адказ дэманстратыўна ў прысутнасьці іншых асуджаных лязом парэзаў сабе руку і шыю.
Паводле неафіцыйнай інфармацыі, інцыдэнт адбыўся 15 сакавіка ў Наваполацкай калёніі № 1 узмоцненага рэжыму, дзе Ігар Лосік адбывае 15-гадовае пакараньне.
«Гэта цалкам рэальная сытуацыя, — пракамэнтаваў былы палітвязень і журналіст Свабоды Алег Грузьдзіловіч. — Калі вязьня ставяць на прыбіраньне памяшканьняў, то гэта выклікае менавіта такую рэакцыю. Вязьні пастаянна прыбіраюць свае памяшканьні. Але калі іх змушаюць прыбіраць нешта іншае, найчасьцей прыбіральні, то гэта аўтаматычна азначае так званы „нізкі статус“. Таму яны адмаўляюцца гэта рабіць, трапляюць у ШЫЗА, могуць сябе пашкодзіць наўмысна. Гэта рэгулярна здараецца ня толькі з „палітычнымі“, але і з крымінальнікамі».
«Вясна» паведамляе, што Ігар пашкодзіў сябе, ужо быўшы ў ШЫЗА, дзе доўгі час трымаў галадоўку. Іншай крыніцы такой інфармацыі няма. Як вядома Свабодзе, адвакат апошні раз бачыў Ігара ў сярэдзіне лютага. Сустрэча, прызначаная на сакавік, не адбылася. Абаронцу, які прыехаў да Ігара ў калёнію, паведамілі, што той не напісаў своечасова заяву на сустрэчу са сваім адвакатам.
Паводле вэрсіі адміністрацыі калёніі, якая стала вядомая Свабодзе, на шыі Ігара Лосіка цяпер невялікая драпіна, рука таксама пашкоджана нязначна, яе перавязалі. У адміністрацыі таксама настойваюць, што «жыцьцю і здароўю зьняволенага нічога не пагражае», а Ігар Лосік цяпер знаходзіцца не ў мэдсанчастцы, а ў ШЫЗА.
На які тэрмін Ігара Лосіка зьмясьцілі ў штрафны ізалятар, невядома. У ШЫЗА зьняволеным забаронена пісаць лісты, таму да вяртаньня Ігара ён ня зможа напісаць бацькам.
У канцы сакавіка ў Ігара Лосіка павінна адбыцца доўгатэрміновае спатканьне зь імі працягласьцю ў суткі (звычайным зьняволеным спатканьне даюць на двое сутак, палітычным — удвая карацей). Да таго ж бацькі зьбіралі вялікую перадачу з харчам і асабістымі рэчамі вагой да 50 кг. Цяпер доўгатэрміновае спатканьне Ігара Лосіка з бацькамі могуць адмяніць.
21 сакавіка споўнілася роўна 1000 дзён, як Ігар за кратамі. У гэты ж дзень Вярхоўны суд Беларусі адмовіўся задаволіць апэляцыйную скаргу жонкі Ігара Дар’і Лосік, яе двухгадовы прысуд пакінулі бязь зьменаў.