Памёр заснавальнік БелаПАН Алесь Ліпай
23 жніўня ў Менску пасьля цяжкой хваробы памёр заснавальнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай. Алесю Ліпаю было 52 гады. Пахаваньне адбудзецца 26 жніўня ў Рудзенску.
Беларуская асацыяцыя журналістаў выказвае спачуванні блізкім і родным калегі.
Хто такі Алесь Ліпай
Алесь Ліпай — заснавальнік і кіраўнік БелаПАН, найстарэйшага незалежнага інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, якое працуе ад 1991 году. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтру.
Нарадзіўся ў 1966 годзе ў вёсцы Андросаўшчына Капыльскага раёну. У 1988 годзе, падчас вучобы на факультэце журналістыкі БДУ, перасьледаваўся за ўдзел у вырабе самвыдатаўскай насьценгазэты «Лірнік».
У 1988 годзе Ліпай стаў першым карэспандэнтам Радыё Свабода ў Беларусі.
Аўтар перакладу на беларускую мову Дамовы аб вывадзе ядзернай зброі зь Беларусі. На пачатку 1990‑х гадоў арганізаваў перавозку ў Беларусь больш як тысячы кніг, выдадзеных беларускай дыяспарай у Нямеччыне, і распаўсюдзіў іх па школах ды бібліятэках.
У чэрвені 1996 году, падчас апэрацыі па вызваленьні дзяцей, узятых у закладнікі тэрарыстам у дзіцячым садку ў Менску, браў інтэрвію ў тэрарыста, адцягваючы тым самым ягоную ўвагу.
БелаПАН быў генэральным партнэрам менскага мітынгу-канцэрту «Сьвята Незалежнасьці», прысьвечанага 100‑й гадавіне абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі. Ліпай выступаў на сьвяце, сярод іншага заклікаў да салідарнасьці з затрыманымі з палітычных прычын, зачытаў верш Уладзімера Някляева, які той напісаў за кратамі.
Вянок памяці. «Без Алеся Ліпая немагчыма ўявіць Беларусь»