Цяпер падтрымаць БАЖ можна і праз Patreon
Вы можаце падтрымаць працу БАЖ праз Patreon — гэта выдатная пляцоўка, якая дапамагае з невялікіх данатаў збіраць сродкі на вялікія справы.
Беларуская асацыяцыя журналістаў —адна з найбуйнейшых і ўплывовых грамадскіх арганізацый Беларусі. Мы — добраахвотнае, недзяржаўнае, непартыйнае аб’яднанне грамадзян, якія прафесійна займаюцца журналістыкай альбо садзейнічаюць яе развіццю. Яшчэ БАЖ — сябра прэстыжных Міжнароднай і Еўрапейскай федэрацый журналістаў.Мы працуем з восені 1995 года і займаемся абаронай правоў журналістаў, іх адукацыяй і павышэннем прафесійнага ўзроўня, маніторынгам у галіне медыя, праводзім акцыі, кампаніі, каардынуем медыясупольнасці.
Нас ведаюць у беларускім грамадстве! Паводле апытання кампаніі “САТІО”, БАЖ аказалася самай вядомай НДА ў краіне.
Зараз у БАЖ уваходзяць звыш 1300 чалавек. Гэта прафесіяналы, якія працуюць у розных перыядычных выданнях, на радыё, тэлебачанні, у выдавецкіх кампаніях. Нават у дзяржаўных СМІ ёсць нашы сябры.
За 27 гадоў існавання ў нас назбіралася шмат важных дасягненняў і прэстыжных узнагарод. Адны з апошніх — першая прэмія ўрадаў Канады і Велікабрытаніі за свабоду СМІ (first Media Freedom Award), Нацыянальная прэмія Украіны за абарону свабоды, Сусветная прэмія UNESCO/Guillermo Cano World Press Freedom Prize-2022, Прэмія шведскага аддзялення “Рэпарцёраў без межаў” “Свабода прэсы-2022”.
Як і многіх НДА, незалежных медыя, праваабаронцаў і актывістаў у Беларусі, БАЖ закранулі масштабныя рэпрэсіі пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020 года.
Спачатку, у лютым 2021-га, вобшукі прайшлі ў офісе арганізацыі і дома ў яе кіраўнікоў, некаторых тады арыштавалі. Праз некалькі месяцаў адбыўся паўторны ператрус і блокіроўка офіса БАЖ. А 27 жніўня Вярхоўны суд задаволіў іск Міністэрства юстыцыі аб ліквідацыі Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Большая частка калектыву была вымушана эміграваць.Нягледзячы на гэта, БАЖ працягвае сваю працу! У гэтыя складаныя часы мы па-ранейшаму дапамагаем медыя і журналістам, аказваем ім юрыдычную і кансультацыйную падтрымку, маніторым медыя і паведамляем сваім чытачам пра ўсё, што адбываецца з СМІ ў Беларусі.
Вы таксама можаце дапамагчы нам рабіць гэтую важную працу. Падтрымайце нас ахвяраваннямі праз Patreon! Дапамагайце развіваць незалежную журналістыку ў Беларусі!