«Нуль кілабайт». Міністэрства інфармацыі страціла свой «экстрэмісцкі спіс»?
Так званы «рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», які рэгулярна абнаўляе Міністэрства інфармацыі па рэкамендацыі «кампетэнтных органаў», цяпер пусты: 0 Кб, як вынікае з афіцыйнай інтэрнэт-старонкі, дзе раней можна было загрузіць пералік інфапрадукцыі, забароненай да распаўсюду.
Ад раніцы 23 траўня немагчыма ўдакладніць, ці не адкарэктавала кантрольнае ведамства чарговым разам «экстрэмісцкую» статыстыку. Пераход на міністэрскім сайце з рубрыкі «дакументы» непасрэдна ў раздзел «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў» выдае, што файл для запампоўкі запытаных звестак абсалютна пусты. 0 Кб («нуль кілабайт») — канстатуе сістэма побач з «іконкай» для актывізацыі працэдуры.
Нават калі засумнявацца ў карэктнасці звестак і прымусова задаць каманду загрузкі, урэшце адчыняецца пусты аркуш.
Варыянтаў «знікнення» стратэгічнага спісу няшмат: альбо на ўнутраным серверы здарылася тэхнічная аварыя і неўзабаве ўсё наладзіцца (дзеля справядлівасці, сайт установы і астатні час не адрозніваецца аператыўнасцю ды наогул цікавым і карысным кантэнтам), альбо інтэрнэт-старонка ведамства стала ахвярай неназваных хакераў-«вызваліцеляў».
Прынамсі нейкіх тлумачэнняў з гэтай нагоды кіраўніцтва Мінінфармацыі не дало пакуль.
Не выпадае сумнявацца, што «знос» базы з пералікам у масе сваёй рэспрэсаваных незалежных медый, інфармацыйных каналаў ды карпаратыўных чатаў наўрад ці засмуціў бы супольнасць, наўпрост пацярпелую ад цэнзуры. Хутчэй, зусім наадварот. Бо насамрэч міністэрскі спіс — гэта забарона на дзейнасць тым незалежным медыя ці ідэйным апанентам, якія так ці інакш выяўляюць нелаяльнасць да дзейнага рэжыму.
Складана дакладна падлічыць, колькі на гэты момант канкрэтна інфармацыйнай прадукцыі трапіла ў «чорны спіс» Мінінфармацыі: новыя пазіцыі не нумаруюцца, а асобныя рэсурсы туды трапляюць комплексна — разам з сайтамі, сацсеткамі і нават таварнымі знакамі.
Апошнія маніторынгі толькі засведчылі, што агулам сістэматызаванае «экстрэмісцкае змесціва» ўпэўнена набліжаецца да 600 старонак — імклівы рост у 10 разоў ад пачатку татальных зачыстак грамадзянскай супольнасці пасля драматычных падзей 2020-га.
Для прыкладу, ад моманту першага зафіксаванага запісу ў 2008 годзе пра дакументальны фільм «Урок Беларускае Мовы» на CD‑R дыску і да апошняга ў канцы 2019-га з відэаролікам «Лукашэнка. Крымінальныя матэрыялы» хапіла ўсяго 60 аркушаў.
Затое ўся астатняя маса — звыш паўтысячы старонак — назапасілася менш чым за тры гады.
Чытайце яшчэ:
Агучана судовае рашэнне па апеляцыі журналіста Дзмітрыя Семчанкі: пакінуць без задавальнення
Журналисты могут быть «законной военной целью»? БАЖ разбирается в правовых нюансах с юристом-международником
26 траўня Вярхоўны суд пачне разглядаць апеляцыю журналіста Андрэя Пачобута