Новы сайт «Брестской газеты» прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй»
Рашэнне пра прызнанне сайта bgmedia.site «экстрэмісцкім» 15 студзеня прыняў суд Ленінскага раёна Брэста. Гэта ўжо другая спроба праз суд абвясціць інтэрнэт-рэсурс «па-за законам»: 26 лістападa 2021г. сайт «Брестской газеты», які тады меў ідэнтыфікатар b-g.by, ужо прызнавалі «экстрэмісцкім».
Недзяржаўнае выданне «Брестская газета» было заснавана ў 2002 годзе, і да 2020 года выходзіла ў папяровай версіі. Але выпуск газеты быў прыпынены пасля афіцыйнага ліста з друкарні аб скасаванні дамовы на друк. Спробы знайсці друкарню ў іншым горадзе краіны таксама не далі плёну. «Брестская газета» цалкам перайшла ў інтэрнэт: у выдання заставаўся сайт, створаны яшчэ ў 2009 годзе, таксама інфармацыя распаўсюджвалася і праз сацыяльныя сеткі.
8 ліпеня 2021 года прадстаўнікі КДБ зладзілі ператрусы ў офісе рэдакцыі і ў кватэрах пяці яе супрацоўнікаў. З рэдакцыі сілавікі вывезлі абсалютна ўсю тэхніку, нават маніторы. У канцы лістапада 2021 года, пасля судовай пастановы аб прызнанні матэрыялаў анлайн-выдання «экстрэмісцкімі», сайт «Брестской газеты» быў заблакаваны і дасяжны толькі праз VPN. Праз пэўны час анлайн-выданне памяняла адрас у інтэрнэце.
Інфармацыя даходзіла да чытачоў і праз сацыяльныя сеткі. Зрэшты, рэпрэсіўныя захады сягнулі і туды: напрыклад, 12 студзеня суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй» старонку «Брестской газеты» у Фэйсбуку.
Акрамя «Брестской газеты», 15 студзеня той самы суд Ленінскага раёна Брэста прызнаў «экстрэмісцкімі» яшчэ некалькі рэгіянальных інтэрнэт-рэсурсаў, у тым ліку ютуб-канал «Першы Рэгiён». Крыху раней, 9 студзеня, у Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапіў акаўнт у сацыяльнай сетцы Х, які належыць незалежнаму інтэрнэт-выданню «Першы рэгіён». Сам сайт «Першы рэгіён», які асвятляе падзеі ў Брэсцкай вобласці, быў прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі» яшчэ ў снежні 2021 года, і тады ж быў заблакаваны доступ да яго чытачам на тэрыторыі Беларусі.
Цягам 2022 года ў «экстрэмісцкі» пералік трапілі Viber-чат з назвай 1RegBY, Telegram-канал «Першы рэгіён», афіляваныя з выданнем акаўнты ў Facebook і Instagram. Два дні таму туды ж дадалі старонку «Першага Рэгіёна» у сацыяльнай сетцы «Вконтакте», але зрабілі гэта з памылкамі, таму фармальна сапраўдны акаўнт «Першага Рэгіёна» у згаданай сацсетцы яшчэ не мае «эктрэмісцкага» статуса.
Чытайце яшчэ:
«Фінансаванне беларускіх медыяў пагаршаецца. Усё больш адчуваецца канкурэнцыя з боку расійскіх СМІ». Што рабіць?
«Прыярытызацыя беларускага кантэнту над расійскім». Святлана Ціханоўская перадала ў Google запыт ад журналістаў
Сына пісьменніка і журналіста Сяргея Антонава затрымалі за абразу Лукашэнкі