• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Навуковы часопіс «Беларусь і свет» упершыню выдадзены ў папяровым фармаце

    Адукацыйная ініцыятыва «Беларуская акадэмія», якая мае аддзелы ў Коніне і Беластоку, упершыню выдала свой часопіс «Беларусь і свет» у папяровым фармаце. Гэта трэці па ліку нумар часопіса, які змяшчае каля дзясятка матэрылаў з розных галін навукі, якія наўпрост тычацца Беларусі і сітуацыі вакол яе. Аб выданні з яго галоўным рэдактарам Святланай Куль-Сяльверставай пагутарыў карэспандэнт Radio Unet Уладзімір Лапцэвіч.

    Часопіс, які цяпер, паводле спадарыні Святланы, з’яўляецца афіцыйным партнёрам Міжнароднага Кангрэса даследчыкаў Беларусі, які зараз праходзіць у Гданьску, ад верасня гэтага года можна не толькі пабачыць на маніторы гаджэтаў, але і патрымаць у руках. А гэта немалаважна перш за ўсё для тых, хто займаецца навуковай працай.

    — Кожны даследчык хоча мець у руцэ тое, што ён зрабіў, а не толькі ў інтэрнэце. Пакуль выданне друкаванае, але пасля яно будзе, канешне, у інтэрнэце, цераз нейкі час у нашых партнёраў – Вышэйшай школы кадраў і менеджмэнта ў Коніне на іх старонцы. Таксама я думаю, «Камунікат», з якім мы сябруем, возьме гэты нумар у электронным выглядзе.

    Друк вельмі добры. А па змесце кожны з нумароў уключае падбор дысцыплін, якія асвятляюцца. У залежнасці ад таго які матэрыял прыйшоў у часопіс, яго якасць. У гэтым нумары няма філасофіі. На жаль, адзін артыкул быў, але ён не прайшоў рэцэнзаванне і не ўзялі мы яго. Але ў гэтым трэцім нумары дадаўся раздзел, на вокладцы яго няма, але ў змесце ён ёсць, гэта інфарматыка. Першы артыкул менавіта па дакладных дысцыплінах, па інфарматыцы напісаў доктар Аляксей Бураўкін, таксама сябр нашай акадэміі. І адкрываем новы раздзел «Дакладныя навукі». Вельмі хацелася б, каб аўтары з Беларусі паўдзельнічалі ў развіцці менавіта гэтай часткі нашага часопіса. Дакладныя навукі – хімія, біялогія, каб не была адна гуманістыка, эканоміка і права. Гэта важна і для нас як Беларускай акадэміі, так і для супольнасці акадэмічнай, каб не былі закінутыя гэтыя навукі нават у эміграцыі. Гэта з аднаго боку, а з другога – гэта важна і для навукоўцаў данай галіны ведаў, у тым ліку маладых, якія працуюць і хочуць працаваць далей над павышэннем кваліфікацыі, займацца пошукам навуковым, што ёсць такая магчымасць надрукавацца.

    — А якія аўтары ў вас друкаваліся ў гэтым нумары?

    — Уклад даволі вялікі. У нас тут 11 аўтараў, адзін артыкул напісаны ў суаўтарстве, дзве асобы напісалі. Не толькі сябры Беларускай акадэміі. Рознага плану і рознага кшталту публікацыі. Адзначу не вельмі акадэмічным тэрмінам «бомба» публікацыю, якой адкрываецца нумар – вельмі значную для навукі і палітычнай сітуацыі работу Генадзя Коршунава, доктара сацыялогіі. Яна прысвечана нелегальнай міграцыі на межах Беларусі з Польшчай, Літвой, Латвіяй. У ёй паказана, як мігрантаў выкарыстоўваюць у якасці зброі ў гібрыднай вайне. І гэта не проста думка, а пацверджана факталогіяй, статыстыкай, і можна ўбачыць карэляцыю паміж падзеямі палітычнымі і хвалямі міграцыі.

    Цікавая вельмі праца, на мой погляд, Руслана Бугаевіча «Польскі след у гісторыі Наваполацка». Гэта я хачу адзначыць, як гісторык. Увогуле невядомая старонка паднята. Гэта будаўніцтва газаправода ў савецкія часы, які прайшоў цераз Наваполацк, і як працавалі, жылі, камунікавалі польскія рабочыя, спецыялісты, якія туды ў Наваполацк былі прысланыя. Багаты факталагічны матэрыял, успаміны чалавек выкарыстаў, статыстыку, дакументы архіўныя.

    Безумоўна, артыкул па педагогіцы Аляксандра Пупцава па дыстанцыйным навучанні, па выкарыстанні інфармацыйных сістэм, пра ролю выкладчыка і ролю тых, хто вучыцца, размеркаванне іх абавязкаў. Аляксандр Пупцаў вядомы спецыяліст у гэтай галіне.

    Вольга Дробыш, прававед, зараз у Беларускай акадэміі выкладае. Параўнаўчая работа аб праблемах мовы, аб праблемах выкладанне паводле адукацыі, паводле розных прававых сістэм еўрапейскіх. Такая кампратывістыка прававая. Але я не буду называць усе працы».

    Часопіс выданы накладам 50 экземпляраў. Ён мае усе патрэбныя навуковаму выданню атрыбуты – рэзюмэ на англійскай мове, навуковы апарат, спіс літаратуры, праходзіць па ўсіх еўрапейскіх каталогах, мае ISBN (Inter­na­tion­al Stan­dard Book Num­ber). Пры патрэбе складальнікі маюць права давыдаць яшчэ сто асобнікаў. Зараз Беларуская акадэмія збірае навуковыя працы для друкавання ў наступным нумары часопіса «Беларусь і свет», выданне якога плануецца ў 2024 годзе.

    Чытайце ящчэ: 

    Відэааператара Вячаслава Лазарава прыгаварылі да 5 з паловай гадоў зняволення, Таццяну Пыцько — да 3 гадоў

    «Жыццё — падарожжа, а мы ўвесь час кудысьці крочым». Беларускі журналіст з’ехаў у ЗША і вядзе YouTube-канал пра дыяспару

    Вядомага спартыўнага блогера будуць судзіць за «садзейнічанне экстрэміскай дзейнасці»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці