На журналіста і музыку Алеся Дзянісава склалі пратакол за супрацу са СМІ без акрэдытацыі
Гродзенскі журналіст-фрылансер, сябра ГА “БАЖ” Алесь Дзянісаў атрымаў на рукі пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні паводле ч. 2 арт. 22.9 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Пратакол 25 студзеня прынёс дахаты і ўручыў журналісту старэйшы інспектар аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі Ленінскага РАУС Гродна Вадзім Налівайка.
Паводле Алеся Дзянісава, міліцыянты шукалі яго цягам апошніх некалькі тыдняў, аднак журналіст кажа, што ён ад іх не хаваўся:
“Да майго калегі Алеся Кіркевіча міліцыянты прыходзілі тыдні два таму https://baj.media/be/content/suprac-kirkevicha-i-dzyanisava-raspachali-administracyyny-perasled , а я, так скажам, “не ішоў з імі на кантакт”. Сёння яны чарговы раз пагрукаліся мне ў дзверы, і я вырашыў, што шараговыя міліцыянты не павінны адказваць за сваіх начальнікаў. Я напісаў, што з пратаколам не згодны і распісаўся, што азнаёмлены са сваімі правамі”.
Алесь Дзянісаў адмовіўся даваць міліцыянтам паказанні, бо лічыць гэта марнаваннем часу. Журналіст мяркуе, што позва з суда будзе на пачатку лютага, ужо на наступным тыдні.
Нагадаем, што відэарэпартаж тэлеканала “Белсат”, за які на Алеся Кіркевіча і Алеся Дзянісава складзены пратакол аб адміністрацыйным правапарушэнні, распавядае пра намер гродзенскіх гісторыкаў і актывістаў адкрыць для турыстаў гарадскія сутарэнні Гродна.