На “Белорусскую военную газету” падалі ў суд
14 красавіка гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка звярнуўся ў суд Цэнтральнага раёна Мінска з позвай аб прызнанні несапраўднымі і абвяржэнні звестак, распаўсюджаных у “Белорусской военной газете”.
Суадказчыкамі ў позве фігуруюць журналіст выдання Уладзімір Кажэўнікаў і дзяржаўная ўстанова “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” (“Белорусская военная газета” – адна з трох рэдакцый, што ўваходзяць у склад агенцтва “Ваяр”).
Гаворка ідзе пра публікацыю ад 10 сакавіка 2016 г. “Кому выгодно порочить белорусскую армию?”. Артыкул тычыўся інцыдэнту з уцёкамі двух жаўнераў з размешчанай у Брэсце вайсковай часткі №92616 з‑за збіцця і пагрозаў. Леанід Судаленка тады выступіў ініцыятарам звароту 75 грамадзян да міністра абароны Беларусі з патрабаваннем спыніць нестатутныя адносіны ў беларускім войску.
У публікацыі “Кому выгодно порочить белорусскую армию?” гаварылася, што праваабаронца займаецца “антыармейскай агітацыяй”, “даносамі”, “ганьбіць сваю краіну” і “разбурае грамадства”. (Цытаты можна прачытаць ТУТ).
Судаленка лічыць, што гэтыя звесткі не адпавядаюць рэчаіснасці, зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю.
Ён звяртаўся ў рэдакцыю з прапановай выбачыцца і апублікаваць абвяржэнне, аднак начальнік дзяржаўнай установы “Ваеннае інфармацыйнае агенцтва Узброеных Сіл Беларусі “Ваяр” палкоўнік Аляксей Пашкевіч вырашыў, што падстаў для гэтага няма.
“Мяне асабліва абразіла тое, што паводле газеты я займаюся “антиармейской агитацией” і “доносами”, у той час як армія абараняе Радзіму — “в отличие от судаленок, которые прославили себя только на ниве разрушения общества” . Сам я служыў у Савецкай Арміі, мой старэйшы сын абараняў Радзіму ў шэрагах беларускага войска. Цяпер гэта робіць другі сын. Трэцяга і чацвёртага сыноў я таксама выхоўваю ў духу павагі да службы ў беларускім войску”, – кажа Леанід Судаленка.
Інфармагенцтва “Ваяр” не збіраецца выбачацца перад праваабаронцам (копія адказу)
Праваабаронца з Гомеля патрабуе ад “Белорусской военной газеты” абвяржэння