• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    «Мы сядзелі побач і ніякіх заяў не рабілі». Журналіст пра абсурдныя абвінавачанні на адрас Генадзя Мажэйкі

    Мінскі гарадскі суд 15 сакавіка аднавіў пасяджэнні з удзелам журналіста Генадзя Мажэйкі. Працэс перыядычна перарываецца на разнастайныя “экспертызы”, хоць, як лічаць калегі палітзняволенага, прасцей апытаць непасрэдных сведак ягонай недатычнасці да інкрымінаваных артыкулаў.   

    Працэс над экс-карэспандэнтам газеты “Комсомольская правда” в Беларуси” Генадзем Мажэйкам пачаўся 1 снежня 2022 года. Журналіста абвінавачваюць паводле ч. 1 арт. 368 (“Абраза прэзідэнта”) і ч. 1 арт. 130 (“Распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай або іншай сацыяльнай варожасці”). Сукупна яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

    На разгляд справы прызначана суддзя Таццяна Фалькоўская, якая ўжо мае досвед кантактавання з прадстаўнікамі СМІ – летась у верасні яна асудзіла на 8 гадоў былую супрацоўніцу Белтэлерадыёкампаніі Ксенію Луцкіну.

    Генадзя Мажэйку затрымалі 1 кастрычніка 2021 года ў аэрапорце Масквы і прымусова вярнулі ў Беларусь, дзе выставілі абвінавачанні ў “распальванні варожасці” і “абразе прадстаўніка ўлады” (пазней замянілі на “абразу прэзідэнта”).

    Падставай стала драматычная гісторыя, якая за два дні да таго здарылася ў Мінску. 28 верасня ў кватэру да праграміста кампаніі EPAM Sys­tems Андрэя Зельцэра спрабавалі ўварвацца ўзброеныя байцы КДБ. Адбылася страляніна, падчас якой гаспадар забіў кадэбіста Дзмітрыя Федасюка, а ў адказ застрэлілі і яго самога.

    Па слядах трагедыі карэспандэнт “Комсомольской правды” в Беларуси”  пагутарыў з аднакласніцай Андрэя Зельцэра, якая цёпла згадала пра сябра дзяцінства. Гэтага аказалася дастаткова для наступстваў: на распараджэнне Міністэрства інфармацыі сайт kp.by быў заблакаваны, а дзейнасць беларускай рэдакцыі паралізаваная за “гераізацыю тэрарыста”.

    Генадзь Мажэйка спрабаваў праз Расію выляцець у трэцюю краіну, але супрацоўнікі ФСБ яго ўжо чакалі. Журналіста затрымалі і перадалі беларускім сілавікам. Спачатку яго змясцілі ў мінскі ізалятар часовага ўтрымання, пасля перавезлі ў жодзінскую следчую турму № 8, а ўрэшце зноў перавялі ў сталіцу – ад канца 2021-га ён у СІЗА № 1. Праваабаронцы прызналі Генадзя Мажэйку палітычным зняволеным.

    Але ўжо за кратамі акцэнты “вінаватасці” зрушыліся. Журналісту інкрымінавалі абразу Аляксандра Лукашэнкі падчас сустрэчы выбарцаў з дэпутатам Палаты прадстаўнікоў Валерыем Варанецкім у верасні 2020 года. На дыктафонным запісе чутны мужчынскі голас, які эксперты Следчага камітэта прыпісалі Генадзю Мажэйку. Пазней дзяржабвінаваўца працытаваў тыя выказванні: “Хіба можа нармальны чалавек з аўтаматам бегаць? Гэта звар’яцелы вырадак!”.

    Пры тым, што шматлікія калегі ды ўдзельнікі сустрэчы пацвярджаюць: карэспандэнт займаўся сваёй працай і ў дыскусіях не ўдзельнічаў. У прыватнасці, Алесь Пілецкі, які на той момант меў афіцыйную акрэдытацыю Міністэрства замежных спраў і рабіў рэпартаж для “Радыё Свабода”, быў поруч з Генадзем Мажэйкам, і той “нічога не выкрыкваў”. 

    “Пра Гену – так, магу пацвердзіць, што гаварыў і раней. Усю тую сустрэчу з Варанецкім у мікрараёне Лошыца сядзелі з Генам побач. Гэта было ўвосень 2020-га, якраз падчас масавых пратэстаў. Дэпутат шмат чаго ад людзей пачуў і, здаецца, ледзьве не расплакаўся. Мы рыхтавалі свае рэпартажы проста на месцы і ніякіх заяваў не рабілі, гэта дакладна. Думаю, дэпутат Варанецкі таксама пацвердзіць. Але як ні капалі следчыя пад Мажэйку, як ні шарсцілі ўсё, што толькі можна, відаць, нічога лепшага так і не знайшлі”, — выказаўся ў размове з БАЖ Алесь Пілецкі. 

    Адвакатка Генадзя Мажэйкі Лізавета Мацвеева таксама зазначала, што мае відэа з сустрэчы, дзе выразна бачна: журналіст не бярэ ўдзелу ў абмеркаванні, а фразу, якую палічылі “абразай”, прамаўляе іншы мужчына. Аднак неўзабаве юрыстку пазбавілі ліцэнзіі, аргументы “абнуліліся”. 

    У канцы снежня 2022-га на стадыі допыту сведак быў аб’яўлены перапынак для дадатковых “экспертных даследаванняў”. Згодна з тэкстам абвінавачання, Генадзь Мажэйка, “праяўляючы амаральны інтарэс да экстрэмісцкай дзейнасці, з’яўляючыся яе прыхільнікам, дзейнічаючы паводле матываў палітычнай і ідэалагічнай варожасці, у перыяд з 23 чэрвеня 2020 года да кастрычніка 2021-га ўчыніў шэраг злачынстваў”.

    Такія высновы тычыліся як заключэння камісіі псіхолагаў і лінгвістаў адносна зместу артыкула пра праграміста Андрэя Зельцэра, так і відэа з удзелам дэпутата Валерыя Варанецкага. Выказванні, якія ўпарта прыпісваюць журналісту, бок абвінавачання расцаніў як “непрыстойныя і недапушчальныя”. “Падтрымліваючы апазіцыйна настроеных удзельнікаў сустрэчы, праводзіў агітацыю супраць дзейнай улады, парушаючы агульначалавечую мараль”, — гаворыцца ў матэрыялах справы.

    Сёлета 27 лютага суд па справе экс-журналіста «Комсомолки” аднавіўся. Але зноў была ўзятая двухтыднёвая паўза “дзеля высвятлення іншых акалічнасцяў”. Праз два тыдні ўдзельнікаў зноў вяртаюць у працэс.

    Сам 40-гадовы фігурант выстаўленыя абвінавачанні лічыць абсурднымі і віны ні па адным з інкрымінаваных артыкулаў не прызнаў.    

    Чытайце цалкам: 

    Журналісты і праваабаронцы — не экстрэмісты. БАЖ лічыць абсурдным наданне “экстрэмісцкага” статусу арганізацыі. ЗАЯВА

    Як міжнародная супольнасць адрэагавала на прызнанне БАЖ «экстрэмісцкім фармаваннем»: АБСЕ, «Рэпарцёры без межаў», ЕФЖ і іншыя

    Заявление беларусских правозащитных организаций в связи с признанием БАЖ экстремистским формированием

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Акцэнты

    Как найти и удалить свои старые комментарии в Instagram, Telegram, YouTube, TikTok и «Вконтакте»

    12.02.2024
    Акцэнты

    «Юмор может работать как подорожник». Топ самых ярких сатирических проектов Беларуси

    12.12.2023
    Акцэнты

    «Ивлеева и Тодоренко умерли для меня». Интервью с одним из создателей «Орла и решки» Евгением Синельниковым

    Евгений Синельников — один из создателей известного украинского шоу о путешествиях «Орел и решка». Он много лет работал режиссером-постановщиком телепроекта и даже был ведущим девятого сезона. Когда началась война, Евгений с семьей жил в Буче, они пробыли под оккупацией несколько недель. После освобождения Киевской области режиссер вернулся в родной дом. Мы поговорили с ним о том, как сейчас устроена жизнь в Буче, что он чувствовал, когда российские солдаты пришли к нему домой, а еще об обиде на белорусов и о том, что такое делать национальный контент на YouTube.
    17.11.2023
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці