«Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця». Журналіст Павел Мажэйка патлумачыў матывы паводзін на судзе
Журналіста працягваюць утрымліваць у гродзенскай турме, дзе ён чакае разгляду апеляцыі на прысуд, піша «Наша Ніва».
У ліпені Паўла Мажэйку асудзілі на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за «садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці» паводле артыкула 361–4 Крымінальнага кодэкса. Журналіст віны не прызнаў і абскардзіў прысуд. Прызначаны судом тэрмін ён пракаментаваў у адным з лістоў, які нядаўна атрымалі сваякі журналіста, пішаРадыё Свабода.
«Тэрмін, безумоўна, вялікі. Так доўга асобна мы яшчэ не былі. Але тое, што нас не знішчае, ператварае нас у кінцугі», — зазначыў Павал Мажэйка. «Кінцугі» — старажытнае японскае майстэрства склейвання разбітай керамікі, пасля якога адноўленая рэч можа выглядаць яшчэ прыгажэйшай. Гэтым майстэрствам захапляліся ў сям’і Паўла Мажэйкі.
У тым жа лісце на волю журналіст Мажэйка напісаў пра матывы сваіх паводзінаў на судовым працэсе.
«Для мяне было важным захаваць гонар і годнасць, не змаладушнічаць. Мне не сорамна ні за адну секунду свайго жыцця».
Сваякі Паўла Мажэйкі кажуць, што ў апраўдальны вынік апеляцыі ён не верыць і ўжо рыхтуецца да этапавання ў калонію.
«Папрасіў брытву з патрэбнымі характарыстыкамі. Таксама рэчы з адзення, якія прыдадуцца ў калоніі. Яшчэ прасіў лекі, але перадача, якую мы сабралі, «завісла». Пакуль не прынялі, сказалі, што нібыта не было ад яго заявы», — падзяліліся сваякі палітвязня.
Паводле іх слоў, на ўмовы ўтрымання ён не скардзіцца.
Сваякі назвалі тое, што, на іх думку, дапамагае журналісту захоўваць у зняволенні аптымістычны настрой.
«Шмат чытае кніг. Удалося падпісаць яго на некаторыя перыядычныя выданні, прыкладам на часопіс «Мастацтва». Таксама перадаваў, што рэгулярна гуляе ў дворыку, стараецца не прапускаць прагулак нават у дрэннае надвор’е. На харчаванне не скардзіцца, яму рэгулярна прыходзяць харчовыя перадачы з волі. Піша, што фізічна адчувае сябе нармальна. Лістуецца з сям’ёй, шле малюнкі дзецям і атрымлівае ад іх лісты», — расказалі сваякі пра палітвязня Паўла Мажэйку.
Разгляд скаргі Паўла Мажэйкі адбудзецца 17 кастрычніка ў Вярхоўным судзе Беларусі.
Паўла Мажэйку затрымалі ў жніўні 2022 года па вяртанні ў Беларусь з Польшчы і абвінавацілі ў перадачы інфармацыі тэлеканалу «Белсат», які быў прызнаны экстрэмісцкім.
У гродзенскай турме № 1 у журналіста бачылі сляды пабіцця, пра якія ён тлумачыў, што гэта наступствы затрымання.
У Паўла Мажэйкі было пашкоджанне над вокам і сляды ад кайданкоў на руках, якія захаваліся ў журналіста і праз некалькі месяцаў пасля затрымання. Таксама крыніцам вядома, што ў першыя месяцы знаходжання ў гарадзенскім СІЗА Павал Мажэйка пабываў у карцары.