Міжнародная анлайн-канферэнцыя Privacу Day 2024: AI і новыя выклікі ў прыватнасці (29 студзеня)
Канферэнцыя прымеркавана да Міжнароднага дня абароны персанальных дадзеных. Сярод дыскусій у тым ліку заяўлена абмеркаванне пытання, хто і навошта сочыць за незалежнымі СМІ. Сярод выступоўцаў — намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.
Privacy Day — гэта міжнародная канферэнцыя на рускай мове аб прыватнасці, абароне персанальных дадзеных і балансе паміж доступам да інфармацыі і таямніцай прыватнага жыцця. Мерапрыемства пройдзе 29 студзеня 2024 года ў фармаце анлайн з трансляцыяй на YouTube і падключэннем экспертнай пляцоўкі ў Казахстане.
Удзел у якасці слухача бясплатны для ўсіх карыстальнікаў без дадатковай рэгістрацыі і збору персанальных дадзеных.
Штучны інтэлект, які ўрываецца ўсё больш у наша прыватнае жыццё, уцечкі персанальных дадзеных і нюансы іх трансгранічнага рэгулявання, сачэнне за журналістамі, магчымасці працы VPN ва ўмовах жорсткай цэнзуры — гэтыя і іншыя тэмы будуць у цэнтры ўвагі экспертаў у вобласці прыватнасці і абароны дадзеных.
Падчас канферэнцыі можна будзе ў тым ліку паслухаць інтэрв’ю з дарадцай прадстаўніка АБСЕ па пытаннях свабоды СМІ, PhD у галіне ўплыву лічбавых інавацый на свабоду СМІ Джуліяй Хаас пра досвед Еўрасаюза і ААН у кірунку працы са штучным інтэлектам.
А таксама папрысутнічаць на дыскусіі «Хто і навошта сочыць за незалежнымі СМІ?». Спікеры абмяркуюць сачэнне за журналістамі праз шпіёнскія праграмы і іншыя інструменты, падзеляцца кейсамі і гісторыямі, якія адбыліся ў розных краінах. У якасці эксперта на гэтай сустрэчы выступіць намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў.
Асобна будзе разглядацца сітуацыя з блакіроўкамі VPN і магчымасцямі іх працы ў рэгіёнах з высокім узроўнем цэнзуры.
Міжнародная канферэнцыя Privacy Day праводзіцца з 2019 года. Канферэнцыю 2023 года і яе матэрыялы паглядзелі больш за 7,5 тысячы чалавек з розных краін свету.