Міністр інфармацыі ў Пінску даваў парады, як перамагчы ў «інфармацыйнай вайне»
У Пінск з працоўным візітам наведаўся міністр інфармацыі Уладзімір Пярцоў. Тут 9 лістапада на пасяджэнні гарвыканкама абмяркоўвалі пытанне «рэалізацыі дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі» ў рэгіёне. Пра вынікі абмеркавання піша «Пінскі веснік».
Асноўным дакладчыкам па тэме выступіла начальніца аддзела ідэалагічнай працы і па справах моладзі Пінскага гарвыканкама Валянціна Кулак. Паводле яе слоў, мясцовыя ўлады сістэмна займаюцца дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкай. У якасці прыкладаў былі пералічаныя выступы інфармацыйна-прапагандысцкіх груп у калектывах, прыёмы і тэлефонныя лініі кіраўнікоў выканаўчай вертыкалі, а таксама праца прапагандыстаў на сайтах дзяржаўных устаноў і ў сацыяльных сетках.
Галоўны ідэолаг горада запэўнівала, што вядучая роля ў інфармацыйнай палітыцы рэгіёна належыць мясцовым дзяржаўным сродкам масавай інфармацыі — штотыднёвіку «Пінскі веснік» і тэлерадыёкампаніі «Пінск».
Але з прамовы Уладзіміра Пярцова вынікала, што яго задавальняе ў пінскай інфармацыйнай прасторы далёка не ўсё.
«Інфармацыйная вайна, пра якую мы шмат гаворым, ідзе, і яна вельмі адчувальная ў вашым рэгіёне, — зазначыў Пярцоў. — І ў ёй перамагае той, хто папаўняе патрэбы сваёй мэтавай аўдыторыі ў якасным інфармаванні, забавах, фармаванні светапогляду чалавека, які жыве ў гэтым рэгіёне, у вырашэнні актуальных для яго праблем».
Паводле яго слоў, значна больш за вялікую палітыку людзей хвалююць надзённыя пытанні: жыллёва-камунальная гаспадарка, праца ўстаноў адукацыі, медыцыны і іншых. Таму дзяржаўныя газеты і тэлеканалы мусяць падаваць аўдыторыі «шматслойны інфармацыйны пірог», які ўтрымлівае і дасягненні, і праблемы, і забаўкі.
«Прымусіць людзей чытаць і глядзець мясцовыя СМІ, калі яны нецікавыя, нельга, — самакрытычна заўважыў кіраўнік Мінінфарма. — Усе павінны разумець: калі на праблемы не рэагуе мясцовая прэса, то іх адпрацуюць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі і забяруць аўдыторыю за сабой. Гэтага дапушчаць нельга».
Дарэчы, у даведцы, падрыхтаванай да пасяджэння Пінскага гарвыканкама, было ўзгадана, што «медыяполе» ў горадзе складаюць не толькі дзяржаўныя СМІ, але і такія незалежныя інтэрнэт-рэсурсы, як «Першы рэгіён» і «Медыя-Палессе».
Між тым, гэтыя інфармацыйныя сайты цягам апошніх гадоў былі абвешчаныя ўладамі «экстрэмісцкімі матэрыяламі» і заблакаваныя для карыстальнікаў, чытаць іх у Беларусі можна толькі з дапамогай VPN. А згодна дзеючаму беларускаму заканадаўству, за выраб, распаўсюд ці захоўванне (падпіску) матэрыялаў, прызнаных экстрэмісцкімі, пагражае адміністрацыйная адказнасць — штраф ці нават арышт, магчыма і канфіскацыя прылады, «з якой было здзейсненае правапарушэнне».
Тым не менш міністр інфармацыі, звяртаючыся да прадстаўнікоў пінскіх дзяржаўных СМІ, заявіў наступнае: «Ваша інфаполе стракаціць апанентамі, а таму праца рэдакцый павінна быць выверанай, дакладнай і аператыўнай».
А падсумаваў вынікі абмеркавання дзяржаўнай інфармацыйнай палітыкі ды «інфармацыйнай вайны» старшыня Пінскага гарвыканкама Валерый Рабкавец. Ён запэўніў, што ўлады горада збіраюцца праводзіць «праўдзівую, дзесьці агрэсіўную інфармацыйную палітыку ў інтарэсах нашых людзей і нашай дзяржавы».
Кіраўнік гарадской выканаўчай вертыкалі паабяцаў таксама падтрымліваць «нашы мясцовыя сродкі масавай інфармацыі». Наўрад ці пад гэтым меліся на ўвазе рэгіянальныя медыі, якія застаюцца незалежнымі.
Чытайце яшчэ:
Мара Тамковіч: «Бацька быў для мяне ўзорам амбіцыі. Такой стыхійнай, жывой энергіяй»
«А что, трудно было удалить фотки?» Отрывки из книги экс-сотрудника Tut.by
Іосіф Сярэдзіч судзіцца за вяртанне даменнага імя і сайта «Народнай Волі»