Міністэрства здароўя зьвярнулася ў пракуратуру пасьля публікацыі «Ежедневника» аб незарэгістраванай вакцыне
На сайце Міністэрства аховы здароўя Беларусі зьявілася паведамленьне наконт публікацыяў у СМІ аб выкарыстаньні незарэгістраваных вакцынаў.
У ім сьцьвярджаецца, што «фармат падачы і грубае выкладаньне фактаў у артыкулах, апублікаваных на адным з інтэрнэт-рэсурсаў і перадрукаваных іншымі СМІ, могуць нанесьці шкоду нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь у сфэры аховы здароўя».
Пры гэтым міністэрства не называе ні выданьня, ні памылак або недакладнасьцяў у публікацыях. Сказана толькі, што артыкулы «зьвязаныя з вакцынапрафіляктыкай».
«Паведамляем, што ведамства накіравала адпаведныя дакумэнты ў Генэральную пракуратуру», — піша Мінздароўя.
Прэс-сакратарка міністэрства Юлія Барадун растлумачыла Свабодзе, што ідзецца менавіта аб публікацыях «Ежедневника», пасьля якіх быў накіраваны зварот у пракуратуру.
Яна паведаміла Свабодзе, што да канца дня 28 жніўня або раніцай 29 жніўня зьявіцца разгорнуты камэнтар што да пазыцыі ведамства ў сувязі з публікацыяй «Ежедневника» ў дзьвюх частках. Барадун назвала гэтую інфармацыю непраўдзівай.
«10% вакцынаў у Беларусі не зарэгістравана. Ды і наагул, складаныя шматкампанэнтныя вакцыны немагчыма зарэгістраваць. Да таго ж мы ня можам праверыць лекі на якасьць, бо ў Беларусі няма лябараторыяў паводле стандартаў GMP. Таму мы вымушаныя давяраць прэкваліфікацыі Ўсясьветнай арганізацыі здароўя. Сёньня да вечара мы чакаем камэнтару з Паўднёвай Карэі», — безь яго яны пакуль ня могуць апублікаваць свой разгорнуты камэнтар, паведаміла Юлія Барадун.
Міністэрства таксама адзначыла, што «неаднаразова выказвала сваю пазыцыю» наконт артыкулаў, «зьвязаных з вакцынапрафіляктыкай», і дала спасылку на ранейшыя прэс-рэлізы.
Міністэрства так і не пракамэнтавала зьвестак аб тым, што вакцына «Эўпэнта» не была зарэгістраваная і правераная ў Беларусі. Гэта выкрыў «Ежедневник» і гэта пацьвердзілі Свабодзе ў Цэнтры экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя.
Скандал з карэйскай вакцынай у Беларусі. Што важна ведаць
-
13 жніўня ў Ганцавіцкім раёне двухмесячны хлопчык памёр пасьля прышчэпкі, якую рабіў мэдычны супрацоўнік з 30-гадовым досьведам. 14 жніўня дзяўчынка такога ж узросту трапіла ў рэанімацыю пасьля плянавай прышчэпкі.
-
Вакцыны бароняць ад шматлікіх вірусаў. Пра некаторыя інфэкцыйныя хваробы забыліся толькі таму, што ёсьць прышчэпкі. Калі перастаць прышчапляцца, інфэкцыі досыць хутка вяртаюцца.
-
Аднак у мэдыцыне зрэдку, кажуць некаторыя спэцыялісты, здараюцца такія трагедыі, як у Ганцавічах, калі мае месца індывідуальная рэакцыя, не зьвязаная зь якасьцю прэпарату.
-
На пэрыяд расьсьледаваньня выкарыстаньне ў Беларусі імунабіялягічных сродкаў «Эўпэнта» той сэрыі, прышчэпкі зь якой былі ўведзеныя пацярпелым дзецям, прыпынілі. Прадстаўнікі карэйскага канцэрну, які вырабіў вакцыну, прыяжджалі ў Беларусь, каб расьсьледаваць сьмерць дзіцяці.
-
Часопіс «Ежедневник» апублікаваў расьсьледаваньне ў дзьвюх частках, у якім сьцьвярджае, што вакцына незарэгістраваная ў Беларусі і не праходзіла праверак у краіне. Цэнтар экспэртызаў і выпрабаваньняў у ахове здароўя пацьвердзіў гэта Свабодзе.
-
10% лекавых сродкаў, паводле зьвестак Мінздароўя, трапляюць у Беларусь без рэгістрацыі.
-
Мінздароўя палічыла дастатковым тое, што вакцына прайшла праверку якасьці Ўсясьветнай арганізацыяй здароўя. Аднак, згодна зь беларускім заканадаўствам, гэтага не дастаткова для выкарыстаньня яе ў краіне ў штатаных сытуацыях.
-
За расьсьледаваньне наконт неправеранай вакцыны для беларускіх дзяцей пачалі зьбіраць подпісы — на момант публікацыі сабрана амаль паўтары тысячы.
-
Усё гэта адбываецца на тле карупцыйнай «справы лекараў, у якой падазраванымі ў хабарах на сотні тысячаў даляраў праходзяць кіраўнікі шматлікіх мэдычных установаў Беларусі і чыноўнікі Міндзароўя.