Мінінфарм заблякаваў сайт беларускага незалежнага часопісу ARCHE
Пра блякаваньне сайту arche.by на падставе рашэньня Міністэрства інфармацыі Беларусі паведаміў у Фэйсбуку галоўны рэдактар часопіса ARCHE Валер Булгакаў.
«Arche.by далучыўся да немалой ужо кампаніі заблякаваных Міністэрствам інфармацыі сайтаў. Пятля сьціскаецца. Дабілі/выпхнулі за мяжу буйных, узяліся дабіваць дробных і паўжывых», — так Валер Булгакаў пракамэнтаваў рашэньне Міністэрства інфармацыі аб блякаваньні сайту.
Паводле Булгакава, прычына блякаваньня сайту — «перапост экстрэмісцкіх матэрыялаў».
«ARCHE» — беларускі незалежны навукова-папулярны часопіс. Выданьне знаёміць зь гісторыяў гарадоў, людзей і важных падзеяў. Піша аб нацыянальнай ідэнтычнасьці, гісторыі ды памяці пра Другую сусьветную вайну, часах сталінскіх рэпрэсіяў.
У красавіку 2021 году «Белпошта» адмовілася распаўсюджваць недзяржаўныя часопісы ARCHE, «Наша гісторыя», «Асьцярожна: дзеці!» і «Дуду». У 2020-ым годзе часопіс ARCHE забаранілі прадаваць праз кіёскі «Белсаюздруку».