• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Марына Золатава засталася без адваката проста падчас працэсу – юрыстку не атэставала “спецкамісія” Мінюста

    Апошнім часам адвакаты надзвычай асцярожныя ў выказваннях і практычна не каментуюць ход працэсаў над сваімі падабароннымі — асабліва калі справа тычыцца палітычных працэсаў. Аднак і гэта не ратуе ад пакарання за нібыта “выбраную пазіцыю”.

    Напярэдадні стала вядома, што нечакана пазбавілася сваёй абаронцы Аксаны Белай галоўная рэдактарка партала Tut.by Марына Золатава — працэс над ёй ды іншымі фігурантамі працягваецца ў Мінскім гарадскім судзе. Паказальна, што адвакатка мае 20-гадовы стаж працы.    

    25 студзеня Кваліфікацыйная камісія ў пытаннях адвакацкай дзейнасці пры Міністэрстве юстыцыі Беларусі правяла чарговую атэстацыю  адвакатаў Мінскай абласной калегіі. Працэдура планавая і адбываецца раз на пяць гадоў, удакладняюць у ведамстве.

    “Асноўныя задачы атэстацыі — ацэнка ведаў адвакатам заканадаўства,  выкананне заканадаўства аб адвакатуры, ацэнка дзелавых і персанальных  якасцей, вызначэнне магчымасці выканання сваіх прафесійных абавязкаў у выпадку выяўлення фактаў, якія сведчаць пра яго недастатковую кваліфікацыю”, — пералічваюць у Міністэрстве юстыцыі.

    Па выніках Кваліфікацыйная камісія разменьвацца на дробязі не стала і “забракавала” адразу 9 з 11 удзельнікаў “іспыту”. Адметна, што ў апошнія дні мінулага года аналагічнае рашэнне прынятае ў дачыненні  яшчэ да 10 юрыстаў – у дадатак да некалькіх дзясяткаў адмыслоўцаў, пазбаўленых працы цягам 2020–2022 гадоў.

    Такім чынам, Аксана Белая разам з трыма іншымі калегамі на падставе рашэння камісіі не зможа выконваць свае абавязкі з прычыны “недастатковай кваліфікацыі”. Сутнасць прэтэнзій традыцыйна не агучваецца.

    Як бы там ні было, у выніку дыскваліфікацыі Аксаны Белай без юрыдычнай дапамогі проста пасярод судовага працэсу аказалася паліттзняволеная журналістка Марына Золатава. Закрыты суд над ёй, а таксама генеральнай дырэктаркай Tut.by Людмілай Чэкінай пачаўся ў Мінскім гарадскім судзе 9 студзеня і да “апошняга слова” яшчэ досыць далёка.

    Невядома, ці ўдасца сваякам Марыны Золатавай аператыўна знайсці кваліфікаванага адваката, які змог бы максімальна хутка заглыбіцца ў нюансы справы у разгар судовага разбіральніцтва. Не сакрэт, што  галоўная рэдактарка зліквідаванага партала абвінавачваецца паводле сур’ёзных крымінальных артыкулаў і рызыкуе значным тэрмінам зняволення: 

    ч. 2 арт. 243 КК (“ухіленне ад выплаты сумаў падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры”);

    ч. 3 арт. 130 КК (“распальванне расавай, нацыянальнай, рэлігійнай альбо іншай сацыяльнай варожасці па прыкмеце расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, моўнай ці іншай сацыяльнай прыналежнасці”);

    ч. 3 арт. 361 КК (заклікі да дзеянняў, скіраваных на нанясенне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь, учыненыя з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або сеткі інтэрнэт).

    На працэс у справе Tut.by прызначана суддзя Валянціна Зянкевіч. Цяпер менавіта ад яе залежыць, ці атрымае Марына Золатава перапынак на час пошуку новага абаронцы.  

    Дарэчы, Аксана Белая атрымала адвакацкую ліцэнзію ў 2003 годзе – абвінавачваць спецыяліста з такім стажам у “некваліфікаванасці” як мінімум падазрона. Гэта ж можна сказаць і пра напрацаваны досвед іншых яе калег – Наталлі Волкавай, Вольгі Дзямідчык, Сяргея Дзем’янчука. 

    Пры гэтым у дваіх юрыстаў ліцэнзіі папросту анулявалі – гэта Таццяна  Лішанкова і Дзмітрый Пігуль, якія абаранялі вялікую колькасць палітвязняў. Як гаворыцца ў рашэнні камісіі, “у сувязі з учыненнем правін, якія дыскрэдытуюць званне адваката і адвакатуру”. Летась іх саміх затрымлівалі і судзілі па адміністрацыйных артыкулах нібыта за выдачу звестак папярэдняга следства ці закрытага судовага пасяджэння. 

    Чытайце яшчэ:

    У падтрымку Андрэя Аляксандрава BYSOL разыграе арыгінальную футболку “Ліверпуля”

    “Шмат гадоў працаваў у нелегальнай арганізацыі”, – прапагандысты з “закрытага суда” над журналістам Андрэем Пачобутам

    Журналісту Свабоды Ігару Лосіку дазволілі перапісвацца з жонкай Дар’яй

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці