• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Магілёўскіх журналістаў аштрафавалі за працу без акрэдытацыі

    У Магілёве 23 і 24 лістапада прайшлі суды над журналістамі-фрылансерамі, якіх міліцыя абвінаваціла ў парушэнні арт. 22.9 КаАП. Вынік прадказальны: Аляксандр Сідарэўскі і Аліна Скрабунова атрымалі адміністрацыйныя штрафы ў памеры 50 базавых велічынь за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі (па 1350 рублёў кожнаму).

    Справы абодвух журналістаў разглядаліся ў судзе Ленінскага раёна Магілёва.

    23 лістапада суддзя Вікторыя Палякова пакарала Аляксандра Сідарэўскага за парушэнне ч. 2 арт.22.9 штрафам у 50 базавых велічынь. Суддзя палічыла, што журналісты працаваў на замежны СМІ без акрэдытацыі, бо зняты Сідарэўскім відэасюжэт з’явіўся на спадарожнікавым тэлеканале “Белсат”.

    Сам журналіст на судовым працэсе не прысутнічаў, бо позна ўвечары 22 лістапада яго толькі вызвалілі з пад арышту з магілёўскага ІЧУ, дзе ён правёў агулам 15 сутак. Сідарэўскага затрымалі 10 лістапада ў Ленінскім райсудзе Магілёва і адразу даставілі ў  ізалятар для адбыцця адміністрацыйнага арышту, накладзенага на яго раней, 12 кастрычніка. Тады суддзя Магілёўскага райсуда Максім Курпачэнка прызнаў журналіста ўдзельнікам несанкцыянаванай вулічнай акцыі і арыштаваў паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП.

    Разгляд справы Аліны Скрабуновай цягнуўся два дні. Журналістку абвінавацілі ў тым, што яна разам з Сідарэўскім 25 верасня здымалі відэа ў судзе Ленінскага раёна Магілёва пра адміністрацыйны пераслед за ўдзел у акцыях пратэсту. Пазней сюжэт з’явіўся на тэлеканале “Белсат”. Нягледзечы на тое, што ў судзе так і не ўдалося давесці, што Скрабунова мае нейкія працоўныя адносіны з рэдакцыяй “Белсата”, суддзя Аксана Ратнікава пакарала журналістку штрафам у 50 базавых велічынь за парушэнне ч. 2 арт. 22.9 КаАП.

    Аліна Скрабунова і Алесь Сідарэўскі ў гэтым годзе ўжо неаднаразова прыцягваліся да адказнасці за працу на замежны СМІ без акрэдытацыі. Паводле слоў журналістаў, прэсінг з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў пастаянна ўзрастае. На іх рэгулярна складаюцца пратаколы за парушэнне арт. 22.9 КаАП. Нягледзячы на рэпрэсіі, журналісты намераныя працягваць сваю працу.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці