• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Лёс белапанаўцаў залежыць ад суддзі, які раней “выпісаў” велізарныя тэрміны анархістам

    Мінскі абласны суд аднавіў працэс па справе інфармацыйнага агенцтва БелаПАН пасля больш чым двухмесяцовай паўзы. 29 чэрвеня быў аб’яўлены перапынак у сувязі з правядзеннем “экспертызы”. У чым яе сутнасць — невядома.   

    Пасяджэнне па справе БелаПАН адбываецца ў закрытым фармаце. На лаве падсудных — чацвёра палітвязняў: галоўная рэдактарка БелаПАН Ірына Леўшына, якой напярэдадні працягнулі тэрмін утрымання пад вартай да 28 верасня, былы дырэктар агенцтва Дзмітрый Наважылаў, а таксама экс-намеснік дырэктара Андрэй Аляксандраў і яго жонка Ірына Злобіна

    У абвестцы на інфармацыйным стэндзе суда Мінскага раёна (у яго будынку разглядае справу Мінскі абласны суд) фігуранты пазначаныя як “абвінавачаныя асобы, якія здзейснілі грамадска небяспечную дзею”.

    Іх лёс цяпер залежыць ад выніковага вердыкту суддзі Вячаслава Тулейкі. Гэты суддзя сумна вядомы суровымі прысудамі ў справе анархістаў. Летась у снежні ён пакараў Ігара Аліневіча і Сяргея Раманава 20 гадамі пазбаўлення волі кожнага, Дзмітрыя Разановіча — 19 гадамі, Дзмітрыя Дубоўскага — 18 гадамі.   

    Зрэшты, 12 верасня практычна нічога з месца не зрушылася: суд задаволіў хадайніцтва адвакатаў аднесці тэрмін на некалькі дзён “праз хваробу ўдзельнікаў”. Хто канкрэтна і чым захварэў — не ўдакладняецца. Паводле папярэдніх звестак, усе вернуцца ў судовую залу да канца тыдня.  

    Андрэй Аляксандраў і Ірына Злобіна за кратамі ўжо 1 год і 9 месяцаў — іх  сілавікі затрымалі 12 студзеня 2021-га. Ірыну Леўшыну і Дзмітрыя Наважылава схапілі крыху больш за год таму, 18 жніўня. 

    Як вынікае з абвінаваўчага заключэння, іх справы пераплятаюцца ў розных варыяцыях. Так, Андрэй Аляксандраў, Ірына Леўшына і Дзмітрый Наважылаў абвінавачваюцца ў стварэнні і дзейнасці «экстрэмісцкага фармавання», хоць усіх затрымалі нашмат раней за кулуарнае рашэнне КДБ, якое было абнародаванае 1 лістапада 2021 года. 

    «Стварэнне з ліку работнікаў ЗАТ „БелаПАН“ і іншых асоб групы грамадзян, якая ў 2020–2021 гадах ажыццяўляла экстрэмісцкую дзейнасць у выглядзе стварэння і размяшчэння на інтэрнэт-рэсурсах агенцтва матэрыялаў з прыкметамі экстрэмізму, а таксама кіравання такім фармаваннем».

    Акрамя таго, Андрэя Аляксандрава і Ірыну Злобіну намагаюцца падвесці пад арт. 293 Крымінальнага кодэкса — “падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў беспарадках” (за тое, што аплочвалі адміністрацыйныя штрафы ўдзельнікам мірных пратэстаў). Плюс ужо за кратамі нечакана з’явілася «здрада дзяржаве» паводле ч. 1 арт. 356.  

    «Аказанне дапамогі арганізацыі “БАЙХЭЛП” і яе прадстаўнікам у дзейнасці, скіраванай на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь. Падрыхтоўка не менш як 260 асоб для ўдзелу ў групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, шляхам аплаты штрафаў, рахункаў за харчаванне ў месцах адбывання адміністрацыйных арыштаў, рахункаў за паслугі адвакатаў, што ўдзельнічаюць у працэсах ці аказваюць іншую юрыдычную дапамогу».

    Усё той жа Андрэй Аляксандраў, толькі цяпер ужо ў тандэме з Дзмітрыем Наважылавым, праходзяць і як падазраваныя ў нявыплаце падаткаў на вялікія сумы – у эквіваленце 200 тысяч долараў на момант выстаўлення фінансавых прэтэнзій. 

    «Ухіленне ад выплаты ЗАТ “БелаПАН” падаткаў пры спрошчанай сістэме падаткаабкладання за 2015–2020 гады і падаходнага падатку з фізічных асоб за люты 2015 — красавік 2021 шляхам утойвання, наўмыснага заніжэння падатковай базы і ўнясення ў падатковыя дэкларацыі заведама ілжывых звестак, што пацягнула за сабой прычыненне дзяржаве шкоды каля 450 тысяч рублёў». 

    Усіх фігурантаў справы праваабаронцы прызналі палітычнымі вязнямі, падчас працэсу ніхто з іх не прызнаў сябе хоць у чымсьці вінаватым.  

    Ірына Леўшына нарадзілася ў 1965 годзе ў Магілёве. Яна выпускніца факультэта журналістыкі Белдзяржуніверсітэта. Практычна ўсё жыццё працуе ў БелаПАНе, куды яе запрасіў аднакурснік і сябра, заснавальнік і шматгадовы кіраўнік недзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва БелаПАНАлесь Ліпай (ён памёр пасля анкалагічнага захворвання 23 жніўня 2018 года, перад тым яшчэ паспеўшы пабыць фігурантам крымінальнай справы нібыта за нявыплату падаткаў). Там прайшла шлях ад рэпарцёра да галоўнага рэдактара і генеральнага дырэктара. 

    Калегі адгукаюцца пра яе як “надзвычай прынцыповую, прамую, цвёрдую і непахісную ў сваіх каштоўнасцях і намерах”. 

    Калі летам 2021 года ўлады пачалі мэтанакіравана «зачышчаць» незалежную інфармацыйную прастору, затрымаўшы шэраг журналістаў і праваабаронцаў, Ірына Леўшына катэгарычна адмовілася з’яжджаць з краіны, хоць і разумела, што наступным у чарзе на ліквідацыю будзе менавіта БелаПАН.

    Дзмітрый Наважылаў нарадзіўся ў 1972 годзе ў Мінску. Скончыў прыборабудаўнічы факультэт Беларускага дзяржаўнага палітэхнічнага інстытута (цяпер БНТУ) па спецыяльнасці інжынэр-электроншчык. Аднак далейшае жыццё звязаў з журналістыкай.

    Ад пачатку 1990‑х працаваў на Беларускім тэлебачанні, затым у карэспандэнцкім пункце ОРТ (грамадскае расійскае тэлебачанне) па Беларусі пад кіраўніцтвам Паўла Шарамета. Пасля таго, як шэф пасля арышту і выхаду на волю з’ехаў працаваць у цэнтральны офіс тэлеканала ў Маскву, Дзмітрый Наважылаў ачоліў мінскі карпункт.

    На пачатку 2010‑х перайшоў у БелаПАН. Пасля заўчаснай смерці заснавальніка і кіраўніка агенцтва Алеся Ліпая стаў дырэктарам. Пакінуў пасаду ў студзені 2021-га, калі ў офіс награнулі з ператрусам сілавікі. На пачатку лета таго ж года з’ехаў ва Украіну, але неўзабаве вярнуўся. 18 жніўня яго затрымалі разам з Ірынай Леўшынай. 

    Андрэй Аляксандраў нарадзіўся ў 1978 годзе ў Ніжнім Тагіле ў сям’і вайскоўца, але з дзяцінства жыў у Паставах. Пасля школы скончыў гісторыка-філалагічны факультэт Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

    Журналісцкую кар’еру пачаў у Наваполацку, у незалежнай гарадской газеце «Хімік». У 2009–2012 гадах быў намеснікам старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў.

    Атрымаў ступень магістра медыяменеджменту ў Вэстмінстэрскім універсітэце ў Лондане, супрацоўнічаў з міжнароднымі арганізацыямі Index on Cen­sor­ship і Arti­cle 19. Але ў выніку вярнуўся ў Беларусь, цягам 2015–2018 гадоў працаваў намеснікам дырэктара агенцтва БелаПАН. Затым перайшоў працаваць па дамове медыякансультантам.

    Ірына Злобіна нарадзілася ў 1989 годзе ў Мінску. Скончыла факультэт філасофіі і сацыяльных навук БДУ. За некалі гадоў да арышту па спецыяльнасці ўжо не працавала, займалася ўласным бізнесам — кветкамі і вытворчасцю сувеніраў. Праводзіла лекцыі і заняткі ў фларыстыцы.

    Ужо за кратамі Андрэй Аляксандраў зрабіў Ірыне Злобінай прапанову. Але паколькі абое праходзяць падазраванымі ў адной крымінальнай справе і ў сувязі з гэтым ім нібыта нельга сустракацца, каб не спланаваць “сцэнар абароны”, шлюб доўгі час адкладаўся. 

    Толькі 1 верасня адміністрацыя мінскага СІЗА‑1 з дазволу Дэпартамента выканання пакаранняў МУС дазволіла Андрэю Аляксандраву і Ірыне Злобінай афіцыйна стаць мужам і жонкай. 

    Чытайце яшчэ: 

    БАЖ обратился к спецдокладчику ООН по кейсу Дениса Ивашина

    Трудовые мигранты, спорные территории — на каких слабых местах играет российская пропаганда в Центральной Азии и на Кавказе?

    «Чалавек, які стварае вакол сябе беларускі свет»

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці