Лунінец далучыўся да акцыі “Станем за журналістаў” ФОТАФАКТ
Сябры Лунінецкай філіі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” падтрымалі калег з недзяржаўных выданняў, якія знаходзяцца пад крымінальным пераследам па так званай “справе БелаТА”.
З 2007 года 5 лістапада па ўсім свеце Міжнародная федэрацыя журналістаў праводзіць кампанію «Станем за журналістыку», каб прыцягнуць увагу да галоўных пагрозаў, з якімі сутыкаюцца калегі.
Галоўнай пагрозай у Беларусі сёлета стала завядзенне крымінальных спраў супраць журналістаў і рэдактараў недзяржаўных медыя.
7 – 9 жніўня ў рэдакцыях TUT.BY, інфармагенцтва БелаПАН, іншых СМІ, а таксама ў кватэрах журналістаў прайшлі вобшукі.
Былі затрыманыя галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, рэдактары партала: Ганна Калтыгіна, Галіна Уласік і Ганна Ярмачонак, галоўны рэдактар БелаПАН Ірына Леўшына і міжнародны аглядальнік БелаПАН Таццяна Каравянкова, уласны карэспандэнт Deutsche Welle Паўлюк Быкоўскі, рэдактар сайта газеты “Белорусы и рынок” Аляксей Жукаў.
Усе яны правялі некалькі сутак у ізалятары часовага ўтрымання. Пасля вызвалення большасці падазраваных быў забаронены выезд з краіны.
Следчы камітэт падазрае журналістаў у тым, што яны ажыццяўлялі несанкцыянаваны доступ да камп’ютарнай інфармацыі дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА. Незалежныя аналітыкі перакананыя: “справа БелТА” — спроба ўладаў запалохаць і ўзяць пад кантроль галоўныя недзяржаўныя інтэрнэт-медыя.Журналістам пагражаюць штрафы і нават турэмныя тэрміны.
Таму сёння мы выказваем салідарнасць з імі і патрабуем ад уладаў Беларусі неадкладна спыніць пераслед!
5 лістапада — Станем за журналістаў!
Далучайся да кампаніі і ты — падзяліся інфармацыяй і выкажы салідарнасць на сваім рэсурсе ці ў сваёй сацыяльнай сетцы!