Крымінальныя справы заведзены на youtube-блогераў Сяргея Пятрухіна і MozgON
Па інфармацыі, якую праваабаронцу "Вясны" Уладзіміру Вялічкіну паведаміў следчы, 25 чэрвеня брэсцкі блогер Сяргей Пятрухін дастаўлены ў ізалятар часовага ўтрымання Мінска. Ён, як і Сяргей Ціханоўскі і яшчэ як мінімум 10 чалавек, затрыманы ў межах крымінальнай справы па арт. 342 КК РБ, звязанай з падзеямі ў Гродна 29 траўня.
Цягам трох дзён яму можа быць прадʼяўлена абвінавачванне. Калі гэта здарыцца, то блогера перавядуць у СІЗА.
Да 26 чэрвеня не было вядома дакладнае месцазнаходжанне Аляксандра Кабанава, прэс-сакратара ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай. З 17 чэрвеня ён адбываў 15-сутачны арышт па ч. 3 артыкула 23.34 КаАП (заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве) ў брэсцкім ізалятары часовага ўтрымання. Потым стала вядома, што яго перавялі ў Драгічын, а 25 чэрвеня ў доме яго бацькоў пад Бярозай прайшоў вобшук. Супрацоўнікі міліцыі паведамілі бацькам Аляксандра Кабанава, што іх сына перавозяць у Мінск. Пры гэтым супрацоўнікі ІЧУ і СІЗА‑1 адмаўлялі яго прысутнасць там.
26 чэрвеня праваабаронцам «Вясны» стала вядома, што блогер Аляксандр Кабанаў знаходзіцца ў мінскім ЦІП на вуліцы Акрэсціна. Брэсцкі праваабаронца «Вясны» Уладзімір Вялічкін мяркуе, што ён можа быць фігурантам «справы Ціханоўскага».
Таксама праваабаронцам вядома, што крымінальная справа заведзена ў дачыненні да блогера Уладзіміра Цыгановіча (MozgON). Артыкул пакуль высвятляецца. Цыгановіч пераведзены ў СІЗА‑1 на вуліцы Валадарскага.
Нагадаем, што ў межах «справы Ціханоўскага» па арт. 342 КК РБ затрымана як мінімум 11 чалавек. Напярэдадні стала вядома, што крымінальную справу па тым жа артыкуле завялі на Ігара Лосіка — адміністратара тэлеграм-канала «Беларусь головного мозга» і фрылансера-кансультанта «Радыё Свабода». На дадзены момант Лосік знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Мінску.