Крычаўскі журналіст звярнуўся да старшыні Палаты прадстаўнікоў
Журналіст крычаўскай газеты “Вольны горад” Мікалай Гердзій 2 мая накіраваў зварот на імя старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзіміра Андрэйчанкі.
Журналіст просіць Уладзіміра Андрэйчанку прыняць адпаведныя меры, каб газеты тых раёнаў, якія ўваходзяць у склад Крычаўскай выбарчай акругі № 83, нарэшце апублікавалі інфармацыю пра памочнікаў дэпутата Палаты прадстаўнікоў Таццяны Марачкавай.
У сваім звароце Мікалай Гердзій, у прыватнасці, напісаў:
“Згодна з артыкулам 50 Закона РБ «Аб статусе дэпутата Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ» дэпутат павінен паведаміць сваім выбаршчыкам дадзеныя сваіх памочнікаў па працы ў акрузе, неабходныя для кантакту.
Пасля выбараў у верасні 2016 прайшло ўжо больш за паўгода, але дэпутат па Крычаўскай выбарчай акрузе № 83 Т. Б. Марачкава такіх дадзеных ні ў мясцовых раённых СМІ, ні на сайтах адпаведных райвыканкамаў так і не дала.
Асабіста я выпадкова даведаўся ў свайго знаёмага, што звесткі пра памочнікаў з’явіліся на сайце Палаты прадстаўнікоў. Аднак зразумела, што інфармацыяй з гэтага сайта могуць скарыстацца нешматлікія выбаршчыкі Крычаўскага акругі. Атрымліваецца, што дэпутат Т. Б. Марачкава наўмысна хавае ад выбаршчыкаў інфармацыі пра сваіх памочнікаў, праз якіх выбаршчыкі маглі б вырашаць з дэпутатам хвалюючыя іх праблемы.
У сувязі з гэтым з усёй адказнасцю прашу Вас прыняць адпаведныя меры для таго, каб раённыя газеты Клімавіцкага, Крычаўскага, Хоцімскага і Чэрыкаўскага раёнаў апублікавалі ўсе неабходныя дадзеныя аб памочніках дэпутата Т. Марачкавай на сваіх старонках”.
“У Законе чорным па белым напісана, што для эфектыўнай працы ў акрузе дэпутату Палаты прадстаўнікоў можна мець пяць памочнікаў. У тым ліку, двух на платнай аснове. Дэпутат праз СМІ, інтэрнэт і іншыя сродкі абавязаны данесці да сваіх выбаршчыкаў ўсе неабходныя дадзеныя для штодзённага кантакту са сваім памочнікамі, якія, у сваю чаргу, абавязаны аператыўна інфармаваць дэпутата аб тым, якія паступілі ад насельніцтва пытанні, — кажа Мікалай Гердзій. — Журналісты крычаўскай недзяржаўнай газеты «Вольны горад» і інтэрнэт-партала «Магілёўскі Рэгіён» ужо двойчы крытыкавалі дэпутата Т. Марачкаву за парушэнне патрабаванняў артыкула 50 Закона. Аднак Таццяна Барысаўна ўпарта не хоча знаёміць выбаршчыкаў са сваімі памочнікамі, а дакладней, па сапраўднаму працаваць са сваімі выбаршчыкамі і вырашаць іх надзённыя праблемы”.
Па словах Мікалая Гердзія, ён спадзяецца, што пасля яго звароту да старшыні Палаты прадстаўнікоў раённыя газеты Клімавіцкага, Крычаўскага, Чэрыкаўскага і Хоцімскага раёнаў усё ж “рассакрэцяць” дадзеныя аб памочніках дэпутата Таццяны Марачкавай і апублікуюць іх на сваіх старонках.