• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    КПЧ ААН зарэгістраваў чарговыя звароты глыбоцкіх журналістаў пра парушэнне правоў на свабоду слова

    Паведамленне пра гэта атрымалі Таццяна Смоткіна, Зміцер Лупач і  праваабаронца з Віцебска Павел Левінаў.

    Павел Левінаў з’яўляецца даверанай асобай і прадстаўляе інтарэсы глыбоцкіх журналістаў-фрылансераў Таццяны Смоткінай і Змітра Лупача  пры стасунках з міжнароднай арганізацыяй.

    Як кажа праваабаронца Павел Левінаў, Камітэт па правах чалавека ААН паведаміў, што абодва звароты ў інтарэсах журналістаў-фрылансераў зарэгістраваныя і накіраваныя дзяржаве для дачы каментароў.

    – Цяпер Міністэрства замежных спраў, Міністэрства юстыцыі, Вярхоўны суд, Генеральная пракуратура вывучаюць усе рашэнні Камітэта ААН па правах чалавека, якія былі прынятыя адносна Беларусі. Робяць гэта дзеля таго, каб уносіць змены ў заканадаўства і змяняць правапрымяняльную практыку. Таму, калі нічога не рабіць і нікуды не звяртацца, то, вядома, ніякіх зменаў дакладна не адбудзецца. А калі даказваць, што наша дзяржава не выконвае свае міжнародныя абавязацельствы ў галіне правоў чалавека, то такім чынам мы хоць павольна, але прымушаем дзяржаву варушыцца і прымаць адэкватныя рашэнні.

    Індывідуальнае паведамленне ў КПЧ пра парушэнне правоў Таццяны Смоткінай было накіраванае 29 жніўня 2018 года. Журналістка 31 траўня была пакараная штрафам у памеры 735 рублёў Докшыцкім райсудом паводле артыкула 22.9 КаАП (незаконны распаўсюд і выраб прадукцыі СМІ). Падставай для гэтага стаў  матэрыял на сайце “Беларускага Радыё Рацыя” “Вываз смецця – паслуга абавязковая”.

    Паводле Таццяны Смоткінай, трэба заўжды змагацца за свае правы, тым больш за тыя, якія гарантуе нам сама дзяржава згодна Канстытуцыі і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

    — Калі кожны журналіст, які беспадстаўна прыцягваўся да адказнасці ў Беларусі, будзе далей змагацца і накіроўваць скаргі ў вышэйшыя інстанцыі, у тым ліку  і ў Камітэт ААН па правах чалавека, то ў медыйнай прасторы Беларусі будуць нейкія зрухі да лепшага. Спадзяюся, што ў хуткім часе і нашая краіна юрыдычна замацуе статус журналістаў-фрылансераў, як гэта ёсць у цывілізаваных краінах Еўропы. І вось тады, нарэшце, улады перастануць беспадстаўна пераследаваць незалежных журналістаў. Усё гэта залежыць ад усіх нас і кожнага журналіста паасобку. І за гэта трэба змагацца.

    Індывідуальнае паведамленне у Камітэт ААН па правах чалавека, датычнае парушэнняў правоў журналіста-фрылансера Змітра Лупача, было накіраванае 7 лістапада 2018 года. Гэта адбылося пасля таго як суд Браслаўскага раёна прызнаў яго вінаватым у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ і аштрафаваў Змітра на 882 рублі (ч.2 арт. 22.9 КаАП РБ). Падставай для справы быў сюжэт на незалежным тэлеканале “Белсат” “Настаўніцу садзяць за кветку, а карупцыянеры Лукашэнкі – на свабодзе”.

    Як кажа Зміцер Лупач, некаторыя думаюць, што такім чынам нічога не вырашыць. І я раней так думаў, часам думаю і зараз. Але з іншага боку, калі няма дакумента, то і няма праблемы.

    — На кухні людзі таксама шмат абураюцца. Можна там шмат пра што гаварыць. Але такім чынам ты нічога не данясеш да ўладаў. Пісьмовыя звароты маюць вялікае значэнне для чыноўнікаў. Таму лічу, што ў Камітэт ААН па правах чалавека звяртацца трэба. І я маю спадзёў, што калісьці збярэцца тая крытычная маса і нешта адбудзецца. І як бы не параўноўвалі цяперашні рэжым з 1937 годам, але гэта ўсё ж іншы час. Таму ўсё ж спадзяюся, што ў нас адбудуцца змены да лепшага. Адзінае невядома – колькі яшчэ чакаць. Але ў мяне надзея, што ў хуткім часе ўсё зменіцца.

    У глыбоцкіх журналістаў у Камітэце ААН па правах чалавека зарэгістравана ўжо па дзве скаргі аб парушэнні краінай іх правоў на свабоднае выказванне меркавання.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці