Кіраўнік барысаўскай суполкі ГА «БАЖ» атрымаў адказ на скаргу з Мінскага абласнога выканаўчага камітэта
Кіраўнік Барысаўскай суполкі ГА "БАЖ" Аляксандр Зянкоў атрымаў адказ з галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Мінскага абласнога выканкама на сваю скаргу, якая тычылася пытання акрэдытацыі журналістаў пры Барысаўскім райвыканкаме.
Выконваючы абавязкі начальніка галоўнага ўпраўлення С. Баранок паведаміў, што “акрэдытацыя журналістаў сродкаў масавай інфармацыі ў Барысаўскім раённым выканаўчым камітэце павінна ажыццяўляцца ў адпаведнасці з артыкулам 35 Закона Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 года № 427–3 “Аб сродках масавай інфармацыі”, згодна з якім дзяржаўны орган самастойна вызначае парадак акрэдытацыі».
Скарга ў Мінскі абласны выканаўчы камітэт была накіравана Зянковым пасля таго, як ён атрымаў адказ з Барысаўскага райвыканкама на просьбу прадставіць палажаэнне аб парадку акрэдытацыі журналістаў сродкаў масавай інфармацыі пры Барысаўскім раённым выканаўчым камітэце. У адказе з райвыканкама было напісана, што “акрэдытацыя журналістаў сродкаў масавай інфармацыі ў Барысаўскім раёне ажыццяўляецца ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 17 ліпеня 2008 г. № 427‑З “Аб сродках масавай інфармацыі”. Калі ёсць неабходнасць акрэдытаваць журналістаў пры Барысаўскім райвыканкаме ствараецца адпаведнае палажэнне аб парадку акрэдытацыі журналістаў СМІ. У выпадках адсутнасці вышэйназванага палажэння журналісты сродкаў масавай інфармацыі ажыццяўляюць сваю прафесійную дзейнасць у адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь “Аб сродках масавай інфармацыі”.
Аляксандр Зянкоў прасіў Мінскі аблвыканкам прапанаваць Барысаўскаму раённаму выканаўчаму камітэту распрацаваць палажэнне аб парадку акрэдытацыі журналістаў сродкаў масавай інфармацыі пры Барысаўскім раённым выканаўчым камітэце.
Такім чынам, пытанне наяўнасці палажэння аб парадку акрэдытацыі журналістаў сродкаў масавай інфармацыі пры Барысаўскім раённым выканаўчым камітэце застаецца адкрытым. Насуперак норме Закона “Аб сродках масавай інфармацыі”, якая дэкларуе права журналістаў на акрэдытацыю пры дзяржаўных орнагах, яе парадак застаецца нявызначаным.