“Караеў не дапамог». Блогеру Андрэю Павуку зноў шлюць пагрозы і абразы
Сябра ГА “БАЖ” Андрэй Павук з райцэнтра Акцябрскі змясціў ў Facebook скрыншот чарговай пагрозы на свой адрас, якая прыйшла яму 1 лістапада на Viber.
Невядомыя “добразычліўцы” тлумачаць блогеру, што ён і надалей будзе атрымліваць на ўсе свае заявы ў міліцыю наконт правакацый і пагроз “адпіскі, што асоба не ўстаноўлена”. Маўляў, хутка і на апошні зварот атрымаеш такі ж адказ.
“Табе было проста напісана, што суд ты прайграеш — так і выйшла… Паглядзі на Манько (прадпрымальнік і блогер з Калінкавічаў – рэд.). Мы яго папярэджвалі, ён не разумеў папярэджанняў — у выніку сядзіць. Калі будзеш так сябе паводзіць, то задумайся: магчыма, такі ж лёс цябе чакае, як і Манько. Артыкулаў у КК шмат, а падставы знойдуцца. Цябе пасадзяць, а колішняя жонка будзе адна гадаваць дзяцей — яно табе трэба? Ты дарослы мужчына, уладкуйся на працу альбо бутэлькі збірай. І ведай, уся ваша кодла пад каўпаком”, — пішуць ананімы і здзекліва жадаюць Павуку добры выходных.
“Раней я губляўся ў здагадках, хто мяне троліць і запалохвае. Цяпер я схіляюся да думкі, што за ўсім гэтым стаяць людзі ў міліцэйскіх пагонах”, — сказаў службе маніторынгу ГА “БАЖ” блогер Павук.
“Мініраванне” і суд
Нагадаем, мінулай вясной Андрэя Павука абвінавацілі ў адпраўцы паведамлення ў Гомельскае ўпраўленне МНС пра мініраванне Акцябрскага райвыканкама. Блогера затрымалі, правялі ператрус у кватэры, забралі на два месяцы на праверку камп’ютары, відэакамеру, мабільныя тэлефоны. І нават завялі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 340 КК — па факце паведамлення пра мініраванне райвыканкама.
Блогер Павук палічыў, што міліцыя такімі сваімі дзеяннямі яго абразіла, і напісаў пазоў у суд аб кампенсацыі маральнай шкоды. Патрабаваў спагнаць з Акцябрскага РАУС 25 тысяч рублёў.
На тле судовага разгляду пазову блогера да міліцыі адбыліся новыя пагрозы і правакацыі. Акурат напярэдадні асноўнага слухання справы ў судзе аб спагнані з міліцыі кампенсацыі маральнай шкоды Павук атрымаў на свой адрас у Viber ананімнае пасланне нібыта з філіпінскага нумара:
“Заўтра суд і ты яго прайграеш. Тэма з ператрусам была створаная для таго, каб ты задумаўся пра свае паводзіны, закрыў свой ванючы рот і ўладкаваўся на працу. Скажы дзякуй, што нічога не падкінулі. Калі будзеш займацца сабатажам і ачарненнем існуючай улады, будуць прымацца меры ў дачыненні да цябе. Сядзеш і твая (непрыстойнасць) жонка будзе перадачкі насіць”.
Тэкст пагрозы быў напісаны на рускай мове з арфаграфічнымі і сінтаксічнымі памылкамі, відавочна, каб выглядаў прастамоўным.
Забойства, якога не было
Увечары 4 кастрычніка на тэлефон Андрэя Павука пазваніў аператыўны дзяжурны Акцябрскага РАУС Алег Дзяменкавец, пытаўся, што здарылася. Паводле дзяжурнага, у міліцыю паступіў званок з нумара самога Павука, які нібыта паведаміў, што “забіў сваю жонку разам з яе палюбоўнікам”. Аператыўнікі не прыязджалі на кватэру сям’і Павука, бо Вольга сама тэлефанаваала ў “дзяжурку” сказаць, што гэта жудасная правакацыя.
5 кастрычніка Андрэй з жонкай хадзілі ў міліцыю. Вольга напісала заяву на імя начальніка РАУС, у якой патрабавала знайсці зламысніка, высветліць матывацыю яго тэлефанавання, а таксама вызначыць, якім чынам выкарыстоўваецца тэлефон мужа для супрацьпраўных гульняў і правакацый. Спадзёву на станоўчы вынік у Андрэя і Вольгі няшмат. У міліцыі ім адразу паведамілі, што, маўляў, тэхніка ў “дзяжурцы” не зафіксавала цалкам нумар, з якога паступіў тэлефонны званок.
Зварот да міністра
У звязку з правакацыямі ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” звярнулася да міністра ўнутраных спраў Юрыя Караева з просьбай узяць пад асабісты кантроль правядзенне праверак па фактах супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні да сябра арганізацыі Андрэя Павука. Бо сілавыя органы так і не знайшлі вінаватых, хто паведамляў пра “мініраванне” Акцябрскага райвыканкама і суда ў Мазыры ад імя блогера ды пагражаў яму асабіста.
22 кастрычніка ў ГА “БАЖ” паступіў ліст за подпісам першага намесніка начальніка УУС Гомельскага аблвыканкама Алега Шулякоўскага. У ім паведамляецца, што супрацоўнікі органаў унутраных спраў “прымаюць усе неабходныя меры, каб знайсці асобу, якая ўчыніла супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні Андрэя Павука”. Папярэдняе расследаванне крымінальных спраў вядзе рэгіянальнае ўпраўленне Следчага камітэта.
Сам Андрэй Павук атрымаў падобны ліст 24 кастрычніка за подпісам Анатоля Васільева, іншага намесніка начальніка Гомельскага УУС. Ён піша, што “па факце ілжывага паведамлення ў Акцябрскі РАУС 4 кастрычніка вядзецца праверка, накіраваныя запыты арганізацыям, якія аказваюць паслугі сувязі, прызначаная фонаскапічная экспертыза”. Дзяжурнаму РАУС капітану міліцыі Алегу Дзяменкаўцу строга ўказана на несвоечасовае інфармаванне сям’і Павука пра рашэнне не накіроўваць супрацоўніка для правядзення апытання ў звязку з вечаровым інцыдэнтам.
Ніводная з папярэдніх пагроз і правакацый у дачыненні да блогера Павука пакуль не расследаваная. Тым часам прыляцела новая пагроза з абразай і здзекам.
Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!