«Камсамольскую праўду ў Беларусі» можа ўзначаліць адыёзны расійскі журналіст Коц, узнагароджаны за Крым
Сітуацыя з «Камсамольскай праўдзе ў Беларусі» застаецца крайне складанай. Пасля выбараў Дом друку адмовіўся друкаваць газету, якая пісала праўду пра пратэсты. «Белдрук» перастаў прадаваць яе ў сваіх кіёсках, а «Белпошта» анулявала падпіскі.
Цяпер газета друкуецца ў Падмаскоўі і прадаецца ў беларускіх супермаркетах і ў іншых прыватных распаўсюднікаў. У выніку наклад штодзённага нумару абрынуўся з 25–20 тысяч асобнікаў да 3000, наклад штотыднёвага — са 150 тысяч да 30 тысяч.
Нумар «Камсамольскай праўды ў Беларусі», які не трапіў у кіёскі
У канцы жніўня кіраўніцтва кампаніі «БелКП-Прэс», якое выдае «Камсамольскую праўду ў Беларусі» змяніла галоўнага рэдактара. Гэту пасаду заняла расіянка Марына Бунакова, былая рэдактарка «Камсамольскай праўды» ў Хабараўску.
«Гэта была прапанова кіруючай кампаніі, прынятая мной як адзін з варыянтаў умацавання рэдакцыі і вываду з крызісу прадпрыемства» — патлумачыла тады генеральная дырэктарка «БелКП-Прэс» Наталля Галезнік.
Аднак улады не ацанілі крок насустрач, газету па-ранейшаму не прадаюць у кіёсках. У сувязі з гэтым, як стала вядома «Нашай Ніве», разглядаецца яшчэ адзін варыянт рэформы.
Мяркуецца, што беларускую рэдакцыю ўзначаліць 42-гадовы расійскі ваенны журналіст Аляксандр Коц.
Коц удзельнічаў у асветленні канфліктаў у Косава, Афганістане, Сірыі, Украіне і іншых краінах, апошнім часам знаходзіўся ў Карабаху.
За аднабаковае інфармацыйнае забеспячэнне анексіі Крыма і вайны на Данбасе ён уключаны ў спіс украінскага «Міратворца». Расійскае кіраўніцтва аддзячыла яму іначай — медалём «За заслугі перад Айчынай I і II ступеняў».
Коц доўгі час працаваў у тандэме з іншым ваенным журналістам расійскай «Камсамольскай праўды» Дзмітрыем Сцешыным. Сцешын вядомы тым, што ў маладосці быў ультраправым актывістам, быў у рэдакцыйнай радзе часопіса «Рускі вобраз». Расійскія СМІ пісалі, што ў яго кватэры хаваўся лідар «Баявой арганізацыі рускіх нацыяналістаў» Мікіта Ціханаў, які пасля быў прысуджаны да пажыццёвага зняволення за забойствы. Такое ж пакаранне атрымаў і галоўны рэдактар «Рускага вобраза» Ігар Гарачоў, кум Сцешына.
Галоўным рэдактарам «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Аляксандр Коц стаць не можа — патрэбнае беларускае грамадзянства. Але як мяркуецца, можа заняць нефармальную кіруючую пасаду.
«Гэта адзін з варыянтаў. Пакуль рана меркаваць, хто будзе дакладна, але асоба Коца разглядаецца», — так «Нашай Ніве» пракаментавала сітуацыю Наталля Галезнік.
«Прабачце, я пакуль не каментую. Калі адправяць, пагаворым», — адказаў Аляксандр Коц на пытанне карэспандэнта.
Тым часам некалькі работнікаў газеты — журналісты Эвіка Ота, Вольга Івашэнка, а таксама намесніца галоўнага рэдактара Іна Качаткова — ужо абвесцілі пра свой сыход.