Камітэт па правах чалавека ААН стаў на бок аштрафаванай у Беларусі журналісткі
У ліпені 2022 года Камітэт па правах чалавека ААН большасцю галасоў пастанавіў, што Беларусь як дзяржава-удзельніца Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах абавязана даць беларускай журналістцы Ларысе Шчыраковай належную кампенсацыю, уключаючы пакрыццё штрафу і панесеных ёю судовых выдаткаў па справе 2015-га года аб «незаконным распаўсюджванні медыяпрадукцыі».
Ларыса Шчыракова – беларускі журналіст-фрылансер. 13 студзеня 2015 года яна правяла ў Гомелі відэаапытанне сярод прадаўцоў рынку «Цэнтральны». Потым размясціла гэты рэпартаж у інтэрнеце, адкуль яго ўзяў для свайго эфіру тэлеканал «Белсат».
4 сакавіка 2015 года супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёна Гомеля распачалі адміністрацыйную справу супраць спадарыні Шчыраковай і падалі адміністрацыйны пратакол у суд Цэнтральнага раёна Гомеля. У пратаколе сцвярджалася, што журналістка незаконна вырабіла і распаўсюдзіла прадукцыю СМІ з парушэннем пункта 2 артыкула 22.9 (незаконны выраб і распаўсюджванне прадукцыі СМІ) Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях.
12 сакавіка 2015 года аўтарка атрымала штраф у эквіваленце 220 долараў па курсе беларускага рубля на дзень вынясення рашэння суда.
Ларыса Шчыракова падавала апеляцыі ў абласны суд Гомеля, у Вярхоўны суд Беларусі, але яны пакінулі ў сіле рашэнні ніжэйстаячых судоў. Пракуратура Беларусі скаргу адхіліла.
У выніку журналістка звярнулася ў Камітэт па правах чалавека ААН, каб абараніць сваё права на свабоду распаўсюджвання інфармацыі. Таксама яна папрасіла Камітэт рэкамендаваць Беларусі як дзяржаве-ўдзельніцы прывесці палажэнні Закона аб сродках масавай інфармацыі ў адпаведнасць з яе міжнароднымі абавязальніцтвамі па Пакце.
Улетку 2022 года на 135‑й сэсіі Камітэт па правах чалавека ААН пастанавіў, што Беларусь абавязаная прадаставіць журналістыцы Ларысе Шчыраковай належную кампенсацыю, уключаючы пакрыццё штрафу і панесеных ёю судовых выдаткаў.
Таксама Камітэт адзначыў, што Беларусі трэба перагледзець сваю нарматыўную базу, у прыватнасці свой Закон аб СМІ, у адпаведнасці са сваім абавязацельствам па Пакце, з тым, каб забяспечыць магчымасць поўнага ажыццяўлення правоў, прадугледжаных Пактам Камітэта, ратыфікаваным Беларуссю.
Чытайце яшчэ:
Марш-кідок да каханай. Дзень з Ігарам Ільяшом у падарожжы ў гомельскі СІЗА, дзе трымаюць яго жонку Кацярыну Андрэеву
“Кінакрытыкі ёсць, а кінакрытыка знікла”. Гутарка з Ірэнай Кацяловіч
Сёння пачнуць судзіць галоўнага рэдактара парталу «Аўтабізнэс» Юлію Мудрэўскую