«Калі на неба глядзіш праз краты». Андрэй Аляксандраў даслаў з турмы верш пад назвай «#»
Журналіст-палітвязень, былы намеснік дырэктара БелаПАН Андрэй Аляксандраў, які знаходзіцца за кратамі са студзеня 2021 года, працягвае пісаць вершы. Адзін з апошніх надрукавала «Наша Ніва».
Андрэй Аляксандраў
#
Калі на неба глядзіш праз краты,
не бачыш кратаў, а бачыш неба.
Учорашні хлеб пахне цвіллю і стратай,
а заўтрашні пахне сапраўдным хлебам.
Ты кажаш: неба — падман аптычны.
Але падман —гэта краты, вер мне!
Бо краты — толькі хэштэг,
як звычка,
А гэты хэштэг зараз проста ў трэндах.
Ды справы няма да хэштэгаў небу,
пра трэнды неба зусім не ў курсе,
яно пад нагамі не чуе глебы,
не лічыць стагоддзяў і хлебных лустаў.
І неба цягне аблокаў вату
над часам — адзінае, што жыве.
І неба таксама не бачыць кратаў,
калі ўглядаецца ў неба ўва мне.
Адрас для лістоў і пераводаў: СІЗА‑1, Мінск. вуліца Валадарскага 2, 220030 Аляксандраў Андрэй Валер’евіч.