• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Інфармацыйная рассылка ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” 06–19.04.2015 г.

    Чарговы штраф журналістцы-фрылансерцы за супрацу з замежным СМІ, чарговы вынятак літаратуры на мяжы, а таксама некалькі новых трывожных інцыдэнтаў, звязаных з інтэрнэт-злачыннасцю. У Гомелі заведзеная крымінальная справа па факце распаўсюду парнаграфіі нібыта з электроннай скрыні гомельскага праваабаронцы,  а ў Лунінцы папулярны інфармацыйны рэсурс “Медиа-Полесье” раптам займеў “двайніка”, які паразітуе на матэрыялах і нават на лагатыпе арыгінала.

    8 красавіка ў Гомелі супрацоўнікі ўпраўлення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі правялі ператрус на кватэры праваабаронца, сябра ГА “БАЖ” Леаніда Судаленкі. Сам Судаленка на той момант знаходзіўся ў Швецыі. Ператрус адбыўся таксама і ў грамадска-палітычным цэнтры на вуліцы Палескай, 52, дзе Судаленка мае працоўнае месца. Міліцыянтаў цікавілі камп’ютары.

    Паводле следчых органаў, 6 сакавіка з электроннай скрынкі sudalenka@mail.ru былі распаўсюджаныя парнаграфічныя відэаролікі. Следчы камітэт з гэтай нагоды распачаў крымінальную справу паводле ч. 2 арт. 343 КК РБ.

    15 красавіка Леанід Судаленка наведаўся ў СК, каб даць тлумачэнні. Па словах Судаленкі, паштовай скрыняй sudalenko@mail.ru ён карыстаўся амаль 15 гадоў, аднак у канцы 2014 г. страціў кантроль над ёй з‑за ўзлому невядомым хакерам. У праваабаронца захавалася перапіска на гэты конт з тэхпадтрымкай паштовага рэсурсу. На момант рассылкі парнаграфічнай прадукцыі праваабаронца згаданую скрыню ўжо не кантраляваў.

    9 красавіка на беларуска-літоўскай мяжы ў выдаўца Ігара Логвінава мытнікі перахода Каменны Лог забралі на экспертызу 20 асобнікаў зборніка філасофскіх артыкулаў і дакладаў выкладчыцы Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Таццяны Шчытцовай «Антрапалогія. Этыка. Палітыка». Падставай для вынятку кнігі стала падазрэнне, што яна можа нанесці шкоду дзяржаўным інтарэсам Рэспублікі Беларусь. Выдавецтва “ЛогвінаЎ” да кнігі дачыненні не мела – яе выпусціў ЕГУ, а Ігара Логвінава проста папрасілі захапіць 20 асобнікаў і завезці на прэзентацыю ў Мінску. 

    9 красавіка стала вядома, што суд Рэчыцкага раёна прызнаў гомельскую фрыланс-журналістку, сябру ГА “БАЖ” Ларысу Шчыракову вінаватай у “незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі” на падставе ч. 2 арт. 22.9 КаАП. Суддзя Святлана Пырх пастанавіла аштрафаваць яе на 25 базавых велічыняў (4,5 мільёна рублёў). Справу разглядалі яшчэ ў канцы сакавіка і без удзелу журналісткі. Паводле пастановы суда, 6 лютага ў Рэчыцы Шчыракова, “не з’яўляючыся журналістам СМІ, не маючы на тое права, правяла інтэрв’юіраванне грамадзян, падрыхтавала відэасюжэт пад назвай “Адміністрацыя рынку ў Рэчыцы рабуе гандляроў”, які ў той жа дзень размясціла на сайце тэлеканала “Белсат””. Такое ж “парушэнне”, паводле судовай пастановы, Шчыракова ўчыніла і 12 лютага, падрыхтаваўшы відэасюжэт “Нялюдскія ўмовы на Рэчыцкім рынку”.

    Гэта сёлета ўжо трэцяе пакаранне Л. Шчыраковай. Агулам сума штрафаў журналістцы склала 8 млн рублёў.

    9 красавіка стала вядома, што жыхара Брэста Міхаіла Лукашэвіча, падазраванага ў паклёпе на прэзідэнта, адправілі на псіхіятрычнае абследаванне.

    Нагадаем, 29 снежня 2014 г. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле ч. 1 арт. 367 КК РБ у дачыненні да 63-гадовага Лукашэвіча. Нагодай для справы сталі палітычныя лозунгі, якія мужчына больш за 10 гадоў рабіў на ўласным плоце і сценах гаража па вул. Ясеніна ў Брэсце. Следчы камітэт прыйшоў да высновы, што ў дзеяннях Лукашэвіча ёсць склад злачынства – «выказванні крытычнага характару, выражаныя ў форме паклёпу ў дачыненні да ўладаў, сілавых структур і Прэзідэнта РБ». Які менавіта надпіс следчыя палічылі паклёпам на кіраўніка краіны, невядома.

    10 красавіка фатограф Антон Матолька атрымаў адказ з Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Беларусі на прэтэнзію наконт «скрадзеных здымкаў». Нагадаем, 18 сакавіка Матолька пабачыў свае здымкі паўночнага ззяння ў Беларусі ў навінах на дзяржаўным тэлеканале “Беларусь‑1”. У сюжэце аўтар здымкаў пазначаны не быў, па дазвол да фатографа ніхто не звяртаўся. Матолька накіраваў НДТРК ліст-прэтэнзію, у якім напісаў пра парушэнне аўтарскіх правоў і нанясенне маральнай шкоды. Ён прапанаваў публічна прынесці прабачэнні ў выпуску навін на «Беларусь 1», заплаціць 10 млн рублёў у якасці кампенсацыі маральнай шкоды, 5 млн 400 тысяч — кампенсацыю парушэння маёмасных правоў.

    Старшыня НДТРК Генадзь Давыдзька ў адказе напісаў, што фота было ў «свабодным доступе» ў інтэрнэце, што аўтар здымкаў не забараніў іх выкарыстанне. Прэтэнзію Матолькі Давыдзька назваў «неабгрунтаванай». 

    А. Матолька заявіў пра намер звярнуцца ў суд.

    11 красавіка сябра ГА “БАЖ” Іна Хоміч накіравала скаргу ў Брэсцкі абласны суд. Журналістка аспрэчвае пастанову Маскоўскага райсуда Брэста, паводле якой яе аштрафавалі на 30 базавых велічынь “за незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ”, а таксама просіць абласную судовую інстанцыю звярнуцца праз Вярхоўны суд ў Канстытуцыйны суд Рэспублікі Беларусь, каб той даў ацэнку артыкулам Закона аб СМІ, якія рэгламентуюць умовы працы журналістаў замежных СМІ, а таксама самога паняцця “акрэдытацыя”.

    Нагадаем, Іна Хоміч падчас паездкі сёлета ў лютым на адкрыццё музея хлеба ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна зрабіла рэпартаж не толькі як штатны карэспандэнт газеты “Брестский курьер”, але і матэрыял для “Беларускага Радыё Рацыя”. За гэта журналістка і была пакараная судом.

    13 красавіка гродзенскі журналіст-фрылансер Віктар Парфёненка атрымаў з Мінскага гарадскога суда адказ на сваю наглядную скаргу на пастанову Ленінскага райсуда Мінска, які 14 лістапада 2014 г. адмовіў яму ў пачынанні грамадзянскай справы. Гэтую пазіцыю 19 студзеня падтрымала калегія па грамадзянскіх справах Мінскага гарсуда. Нагадаем, у Ленінскі райсуд Парфёненка скардзіўся на дзеянні МЗС Рэспублікі Беларусь, які цягам 7 гадоў адмаўляецца акрэдытаваць яго ў якасці карэспандэнта замежнага СМІ – “Беларускага радыё Рацыя”.

    Старшыня Мінскага гарсуда П.І. Каршуновіч у адказе сцвярджае, што суд першай інстанцыі, адмаўляючы журналісту ў пачынанні грамадзянскай справы,  паступіў законна.

    15 красавіка рэдакцыя інфармацыйнага сайта “Медиа-Полесье” паведаміла, што невядомыя стварылі фэйкавы сайт-копію пад назвай “Полесье-медиа”. Ён без дазволу перадрукоўвае кантэнт беларускіх выданняў, а адзін з раздзелаў “Полесье-Медиа” называецца “Don­bass” і змяшчае інфармацыю пра жыццё так званай Данецкай Народнай Рэспублікі. Як высветлілася, адрас сайта, зарэгістраванага ў зоне .by, адрозніваецца ад арыгіналу толькі адным сімвалам. На сайце-копіі без спасылкі штодзённа з’яўляюцца арыгінальныя матэрыялы выдання “Медиа-Полесье”.

    16 красавіка суд Слонімскага раёна адмовіўся задаволіць зыск кіроўцы рэйсавага аўтобуса г. Слоніма да журналісткі недзяржаўнай “Газеты Слонімскай” і рэдакцыі газеты, якая выступала суадказчыкам. Падставай для звароту ў суд была публікацыя «Равнодушие пугает» у “ГС” №9 ад 4 лютага 2015 г. за подпісам Таццяны Плахетка.

    У артыкуле журналістка апісвала сітуацыю з удзелам сваёй 7‑гадовай дачкі: дзяўчынка ехала ў аўтобусе без бацькоў і не змагла выйсці на патрэбным прыпынку ля школы, бо кіроўца на ім не спыніўся. Акрамя таго, паводле журналісткі, пазней ён праігнараваў яе просьбу ператэлефанаваць, хаця яна перадала нумар тэлефона праз дыспетчара аўтапарка.

    Зыскоўца даводзіў, што ў артыкуле былі распаўсюджаныя звесткі, «якія не ў поўнай меры адпавядаюць рэчаіснасці» і зневажаюць яго гонар, годнасць і дзелавую рэпутацыю. Таксама ён дамагаўся, каб журналістка прынесла яму прабачэнні, выплаціла кампенсацыю маральных стратаў у памеры 5 млн рублёў і пакрыла судовыя выдаткі (дзяржаўная пошліна ў памеры 540 тыс. рублёў).

    17 красавіка адбылося кароткатэрміновае спатканне з роднымі палітвязня, журналіста “Бобруйского курьера” Яўгена Васьковіча. У Магілёўскай калоніі №15 у гэты раз яго змаглі наведаць маці, бацька і бабуля. Спатканне праходзіла праз шкло, з дапамогай перамоўнай прылады.

    У верасні гэтага года ў Яўгена з’явіцца шанец на скарачэнне тэрміну пакарання – калі ў яго на той час не будзе парушэнняў агульнага рэжыму. Між тым, як стала вядома, камісія па памілаванні адмовіла ў прашэнні сябру Васьковіча – Арцёму Пракапенку, які два месяцы таму падаваў адпаведны дакумент на імя А. Лукашэнкі.

    Нагадаем, Яўген Васьковіч, Арцём Пракапенка і Павел Сырамалотаў у маі 2011 г. былі асуджаныя на 7 гадоў пазбаўлення волі за сімвалічную акцыю пратэсту, праведзеную ля сцен Бабруйскага КДБ. Шкода ад іх дзеянняў (сапсаваная ў адным месцы тынкоўка) склала 253 000 рублёў. Але да іх ўжылі артыкул аб нанясенні шкоды ў асабліва буйным памеры.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці