• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Ідэолаг — журналісту: Калі вашыя фотаздымкі будуць там, дзе будуць, я напішу заяву (АЎДЫЁ)

    У Глыбокім начальнік аддзела ідэалогіі Глыбоцкага райвыканкама Людміла Карніловіч абяцала праблемы з ваенкаматам і пагражала напісаць заяву ў міліцыю на журналіста-фрылансера Змітра Лупача.

    Яна забараняла Змітру рабіць фота-, відэаздымкі рэпетыцыі прысягі рэзервістаў і саму прысягу на цэнтральнай плошчы горада. Згаданыя падзеі адбываліся 8 і 10 верасня адпаведна.

    Спачатку ідэолаг забараніла здымаць Змітру, калі  ўбачыла яго на цэнтральнай плошчы падчас рэпетыцыі прысягі.

    Калі журналіст-фрылансер Зміцер Лупач прыйшоў 10 верасня ў цэнтр Глыбокага здымаць непасрэдна прысягу рэзервістаў, каб зрабіць матэрыял для сайта Westki.info, яго зноў перастрэла ідэолаг Людміла Карніловіч.

    Карніловіч забараніла весці фота‑, відэаздымку публічнага мерапрыемства. Матывавала яна гэта тым, што Зміцер Лупач на гэтую падзею не акрэдытаваны.

    Журналіст падчас падзеі стаяў за агароджай, у цэнтр плошчы пусцілі толькі “правільных і акрэдытаваных” журналістаў, вядома, з дзяржаўных СМІ. Аказалася, што Зміцер “мазоліў вочы” начальніцы аддзела ідэалогіі нават за агароджай. Ніякіх заўваг журналістам з дзяржаўных СМІ яна не выказвала. Змітру, апрача яе, таксама незадавальненне ніхто не выказваў.

    Нягледзячы на забарону,  Зміцер усё ж запісаў падзею на відэа, а таксама недарэчны дыялог з ідэолагам:

    — Здравствуйте.

    — Добры дзень.

    — Дмитрий Антонович, помните: мероприятие — закрытое. Нужна аккредитация. А вы фотографировали. Я видела.

    — Ну дык што?

    — Если ваши фотографии будут там, где будут, я напишу заявление. Если ваши фотографии появятся там, где появятся, я буду вынуждена написать заявление.

    — Рабіце за плотам тады або ў вайсковай частцы.

    — Мы за плотам не делаем. Но мы сегодня предупреждаем средства массовой информации, что работают аккредитованные СМИ.

    —  Я акрэдатаваны ад 1967 года, як нарадзіўся.

    — Хорошо. Но вы  не аккредитованные делать фоторепортажи, видео и аудио с этого мероприятия. Я вас предупреждаю. Предупреждаю при людях, которые несут тоже за это ответственность за безопасность этого мероприятия. (Побач стаялі міліцыянты, якія нават не адрэагавалі на гэты інцыдэнт). Я вас предупредила.

    — Я небяспекі не ўяўляю.

    — Я знаю, что вы не составляете. Но я вас предупреждаю, чтобы вы не делали фотоматериалы для тех средств массовой информации, которые не аккредитованы.

    — Адкуль вы ведаеце для якіх я раблю?

    — Я вижу вашы материалы.

    Па словах Змітра Лупача, пагрозы ў свой адрас ён чуе не ўпершыню. Яму калісьці пагражаў кіраўнік сельгаспрадпрыемства “Канстанцінаў двор” Юры Вахавіч. Дарэчы, нядаўна яго звольнілі з гэтай пасады.

    Людміла Карніловіч ужо не першы раз забараняе Лупачу весці фота‑, відэаздымку. Некалькі разоў яна рабіла такія заўвагі падчас каталіцкага фестывалю “Магніфікат”, які ўжо не праводзіцца ў Глыбокім.

    — Пагражала, можа яшчэ ў суд і выклічуць. Я ў прынцыпе да гэтага гатовы. У яе гэта ўжо другі «заход». Яе першы раз былі не зацвердзілі начальніцай некалькі гадоў таму, а цяпер зацвердзілі. Проста яна вырашыла паказаць, што яна тут вельмі значная фігура, бо я здымаў цягам больш як гадзіны і там былі і ваенныя, і міліцыянты, і прадстаўнікі ўлады, але ніхто да мяне не падышоў і нікому я там не перашкаджаў. Толькі чамусьці Людміле Фёдараўне перашкаджаў, — гаворыць Зміцер Лупач.

    12 верасня вечарам глыбоцкі міліцыянт Сяргей Цырбан прынёс позву ў міліцыю Змітру Лупачу. У ёй яго просяць з’явіцца 13 верасня 2017 года а 14.30 у Глыбоцкі РАУС па адрасе: г. Глыбокае, пл. 17 Верасня, 5, кабінет №13 да старэйшага інспектара па дазвольнай працы.

    Як бачна, ідэолаг сваё абяцанне выканала. Хутчэй за ўсё, пасля міліцыі Змітру трэба чакаць яшчэ праблемаў і з ваенкаматам, якія абяцала Людміла Карніловіч.

    «Абсурд улады мацнее! Заўтра яны пачнуць прасіць акрэдытацыю на здымкі, напрыклад, ранішніка ў дзіцячым садку! А калі сур’ёзна, то для здымкаў у грамадскім месцы дазволу ні ў каго пытаць не трэба. На парадах у Мінску не забараняюць фатаграфаваць ні ваенную тэхніку, ні галоўнакамандуючага!» — кажа праваабаронца Павел Левінаў.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці