Гродна: “Кінавідэапракат” судзіцца з парталам Hrodna.life і журналісткай Веранікай Вельб
Эканамічны суд Гродзенскай вобласці 24 кастрычніка распачаў разгляд іску аб абароне дзелавой рэпутацыі камунальнага ўнітарнага прадпрыемства “Гроднааблкінавідэапракат” супраць уладальніка сайта Hrodna.life і аўтара матэрыялу Веранікі Вельб.
Праз суд КУП “Гроднааблкінавідэапракат” патрабуе абвергнуць інфармацыю, распаўсюджаную ў артыкуле “Глядзець няма чаго. Да чаго насамрэч падыходзяць гродзенскія кінатэатры”. А таксама спагнаць з адказчыкаў выдаткі прадпрыемства на працэсуальныя расходы.
Справу разглядае суддзя Эдуард Кароль. У першы дзень судовы працэс разам з перапынкамі цягнуўся амаль 4 гадзіны. У ходзе слуханняў прадстаўнікі “Гроднааблкінавідэапраката” падалі хадайніцтва аб правядзенні лінгвістычнай экспертызы. Працэс часова прыпынены на час яе правядзення.
Правы аўтара спрэчнага артыкула Веранікі Вельб у судзе абараняе юрыст і сябра Праўлення ГА “Беларуская асацыяцыя журналістаў” Алег Агееў.
— Па выніках гэтага судовага пасяджэння можна адзначыць якасны ўзровень вядзення працэсу — з улікам прынцыпу роўнасці бакоў у судовым пасяджэнні, — адзначае Агееў. — Таксама спадзяюся, што лінгвістычная экспертыза, якая будзе праводзіцца з ініцыятывы істца, пакажа, што Вераніка Вельб у сваім матэрыяле распаўсюдзіла суб’ектыўна-ацэначнае меркаванне, а тыя факты, што былі распаўсюджаныя, не зневажаюць дзелавую рэпутацыю “Гроднааблкінавідэапраката”.
Юрыст выказаў спадзяванне, што рашэнне суда будзе законным і справядлівым. І будзе вынесенае на карысць свабоды слова ў Беларусі.
Пра падрабязнасці працэсу карэспандэнту службы маніторынгу ГА “БАЖ” распавядае рэдактар і ўладальнік Hrodna.life, журналіст Аляксей Шота:
— Пасля таго, як летам мы апублікавалі матэрыял нашай практыканткі Веранікі Вельб, пазначаны як “меркаванне”, у жніўні “Гроднааблкінавідэапракат” накіраваў заяву ў суд. У верасні адбылася папярэдняя сустрэча бакоў у судзе, потым спроба прымірэння, і вось зараз пачатак працэсу.
Мы не прызнаем іск у поўным аб’ёме, паколькі мы лічым, што гэтае меркаванне не можа ў прынцыпе неяк пашкодзіць дзелавой рэпутацыі “Гроднааблкінавідэапракат”, бо гэта — толькі меркаванне, і ўсе маюць на яго права. Па-другое, “Гроднааблкінавідэапракат” — манапаліст у Гродне, у яго няма канкурэнтаў.
Мы былі гатовыя мірна разысціся да суда. Я размаўляў з Юрыем Аляксеем, кіраўніком “Гроднааблкінавідэапраката”. Мы былі гатовыя апублікаваць тэкст іх абвяржэння. Яны маюць права выказаць сваё меркаванне — адказаць на наш тэкст. Мы заўсёды гатовыя прадастаўляць такую магчымасць. Тым, пра каго мы крытычна пісалі, — мы давалі месца для іх тэкстаў. “Гроднааблкінавідэапракат” прынцыпова адмовіўся і хоча вырашыць справу праз суд, — распавёў Шота.