Google, Meta і Microsoft паабяцалі тэхнічную падтрымку незалежным медыя Беларусі
У межах пасяджэння Генеральнай асамблеі Арганізацыі Аб’яднаных Нацый у Нью-Ёрку дэмакратычная лідэрка Беларусі Святлана Ціханоўская правяла перамовы з топ-менеджарамі глабальных тэхнічных кампаній адносна прэферэнцый для беларускай медыйнай супольнасці.
Як расказаў Франак Вячорка, палітычны дарадца Святланы Ціханоўскай, адбыліся сустрэчы з Сундарам Пічай і Каранам Бхація — прэзідэнтам і віцэ-прэзідэнтам карпарацыі Google адпаведна.
Акрамя таго, прайшлі перамовы з прэзідэнтам у глабальных справах кампаніі Meta (Facebook, Instagram, WhatsApp) Нікам Клегам, а таксама кіраўніцтвам праграмы Defending Democracy кампаніі Microsoft.
Паводле Франака Вячоркі, аказалася, што ў некаторых топ-менеджараў уласныя рахункі з уладамі Беларусі. Напрыклад, у дыпламаванага юрыста Карана Бхація.
“Святлана Ціханоўская доўга размаўляла з Каранам Бхація, віцэ-прэзідэнтам Google. Як высветлілася, ягоны лёс у пэўнай ступені звязаны з нашай краінай — ён быў адвакатам сем’яў амерыканскіх аэранаўтаў, якія ў верасні 1995 года падчас міжнародных спаборніцтваў ляцелі на паветраным шары над тэрыторыяй Беларусі. Шырока вядома, што іх без дай прычыны збілі войскі беларускай супрацьпаветранай абароны, пілоты загінулі», — расказаў палітычны дарадца.
Ва ўсіх выпадках вялася гаворка, каб прысвяціць больш увагі беларускаму медыйнаму рынку. Па выніках абмеркаванняў прадстаўнікі згаданых тэхнічных кампаній пагадзіліся з неабходнасцю падтрымаць рэдакцыі, многія з якіх цяпер у вымушанай эміграцыі або прыпынілі дзейнасць, а журналісты — рэпрэсаваныя ці наогул за кратамі.
Пра што дамовіліся на папярэднім этапе:
— Тэхнічная гарантыя бяспекі. Верыфікацыя акаўнтаў СМІ, журналістаў і грамадскіх актывістаў ад атакі ботаў і спробаў узлому.
— Дапамога супраць блакавання. Ужо ўдалося адблакаваць старонкі асобных беларускіх журналістаў і арганізацый, працэс працягваецца.
— Доступ да паслуг. Перадусім маюцца на ўвазе воблачныя сэрвісы для журналістаў і праграмнае забеспячэнне на абыход цэнзуры ды блакавання.
— Бан для прапагандыстаў. YouTube надалей блакуе “пакаяльныя відэа” і акаўнты, з якіх запускаецца такая «рэклама» (забаненыя сотні ролікаў).
— Кансультацыі для блогераў. Відэахостынг TikTok будзе запрашаць беларусаў на свае майстар-класы і камандзіраваць трэнераў для медыяў.
— Лакалізацыя беларускага кантэнту. Microsoft паспрыяе ў пашырэнні беларускай мовы, a Google дазволіць рэкламу беларускіх відэаролікаў.
— Глабальны рынак. Гаворка пра падтрымку праекта лічбавай Беларусі і шчыльную інтэграцыю з асноўнымі міжнароднымі сэрвісамі.
Пасля пачатку шырокамаштабных рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасці Беларусі незалежная журналістыка на тэрыторыі краіны практычна спыніла існаванне. Акрэдытаваных карэспандэнтаў масава пазбавілі афіцыйнага дазволу на працу, шэраг рэдакцый, перадусім замежных, эвакуявалі сваіх супрацоўнікаў за мяжу.
Колькасць медый, тэлеграм-каналаў, тэматычных чатаў, абвешчаных “экстрэмісцкімі фармаваннямі”, набліжаецца да сотні. Яшчэ больш тых, чый кантэнт прызнаны “экстрэмісцкімі матэрыяламі”. Любая супраца з такімі рэсурсамі ці нават проста лайк пад пастом цягнуць на адміністрацыйную ці крымінальную адказнасць.
Некалькі сотняў беларускіх журналістаў, асцерагаючыся за сваё жыццё, пакінулі краіну. За кратамі ў чаканні працэсаў ці ўжо асуджаныя звыш трох дзясяткаў творчых і адміністрацыйных прадстаўнікоў СМІ.
Чытайце яшчэ:
Руководитель «Трибуны» запускает школу видеоблогеров для белорусов
«Гэта ня той паварот, на які нам трэба ўскладаць нейкія чаканьні», — Андрэй Кузьнечык пра амністыю
«Адпусціце сітуацыю, не нагнятайце». Палітзняволены журналіст Павел Мажэйка даслаў на волю першы ліст