• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Накірункі працы і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Генпракутарутра накіравала ў суд абагульненую справу супраць рэдактараў рэсурсу Nexta — Пуцілы, Рудзіка і Пратасевіча

    Генеральная пракуратура на сваім сайце паведаміла пра накіраванне ў суд крымінальнай справы ў дачыненні да Сцяпана Пуцілы, Яна Рудзіка і Рамана Пратасевіча. Апошні ўжо больш за паўтара года знаходзіцца пад хатнім арыштам у Мінску, два першыя жывуць у Варшаве, іх справы разглядаліся на падставе так званай “спецвытворчасці”. 

    Згодна з афіцыйнай публікацыяй ведамства, усім абвінавачаным інкрымінаваныя наступныя крымінальныя артыкулы:

    – “распальванне сацыяльнай варожасці” (ч. 3 арт.130 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь);

    – “арганізацыя масавых беспарадкаў, навучанне і іншая падрыхтоўка асоб для ўдзелу ў іх” (ч. 1 і ч. 3 арт. 293);

    – “арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак і спалучаюцца з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады” (ч. 1 і ч. 2 арт. 342 КК);

    – публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, акту тэрарызму, іншых дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (ч. 3 арт. 361 КК);

    – стварэнне экстрэмісцкага фармавання і кіраўніцтва ім (ч. 1 арт. 361–1 КК);

    – паклёп і публічная абраза прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (ч. 2 арт. 367, ч.2 арт. 368 КК).

    Акрамя таго, Сцяпану Пуцілу і Яну Рудзіку ў розным спалучэнні выстаўлена ў віну ўчыненне наступных крымінальных злачынстваў:

    – “змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам” (ч.1 арт. 357 КК);

    – “фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці” (ч.2 арт. 361–2 КК);

    – “дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь” (арт. 369–1 КК).

    Сцяпану Пуцілу таксама інкрымінавана “арганізацыя дзейнасці тэрарыстычнай арганізацыі” (ч.1 арт .290–5 Крымінальнага кодэкса). 

    Генеральная пракуратура прыводзіць асобныя эпізоды “незаконнай дзейнасці” абвінавачаных. Сцвярджаецца, што пачынаючы з 2020 года, знаходзячыся пераважна на тэрыторыі Польшчы, “дзеля рэалізацыі агульнага плана змовы з мэтай захопу дзяржаўнай улады ў Беларусі неканстытуцыйным шляхам”, выконваючы задачы групы, якую абвінавачаныя тады ўзначальвалі, апублікавалі ў сетках каналаў Nex­ta і «Беларусь галаўнога мозгу» матэрыялы, мэтай якіх з’яўлялася:

    – падбухторванне людзей да ўдзелу ў масавых беспарадках, якія суправаджаюцца гвалтам над асобай, пагромамі, падпаламі, знішчэннем маёмасці і ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады;

    – арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, і іншых несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў;

    – распальванне сацыяльнай варожасці на падставе прыкмет іншай сацыяльнай прыналежнасці;

    – прымяненне гвалту ці пагроз яго ўжывання, а таксама знішчэння і пашкоджання маёмасці, распаўсюду паклёпніцкіх звестак і апублічванне інфармацыі, якія грамадзяне жадаюць захаваць у таямніцы;

    – замах на правы і законных інтарэсы ў дачыненні да супрацоўнікаў праваахоўных органаў і іх блізкіх.

    Акрамя таго, як гаворыцца ў паведамленні ведамства, абвінавачаныя “заклікалі да здзяйснення пратэстна настроенымі грамадзянамі актаў тэрарызму”.

    Усе гэтыя дзеянні, на перакананне ўладаў, прывялі да цяжкіх наступстваў — з 14 ліпеня 2020 года праваахоўныя органы Беларусі нібыта  зарэгістравалі не менш за 1586 злачынстваў, “звязаных з пратэстнай актыўнасцю і экстрэмісцкімі памкненнямі”.

    У дачыненні да Сцяпана Пуцілы і Яна Рудзіка са згоды генеральнага пракурора праведзена спецыяльная вытворчасць на падставе пастановы старшыні Следчага камітэта. Завочна абрана мера стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту.

    Што да Рамана Пратасевіча, дык ён “выканаў умовы заключанага з ім дасудовага пагаднення аб супрацоўніцтве” у поўным аб’ёме, аднак мера стрымання ў выглядзе хатняга арышту на гэты момант пакінута без зменаў.

    Пры канцы ўдакладняецца, што ў адносінах да абвінавачаных Генеральная  пракуратура заявіла пазоў аб пакрыцці маёмаснай шкоды ў інтарэсах дзяржавы на агульную суму больш за 30 мільёнаў рублёў.  

    Сцяпан Пуціла і Ян Рудзік яшчэ да пачатку масавых пратэстаў 2020 года выехалі з Беларусі і ажыццяўлялі дзейнасць розных інфармацыйных рэсурсаў пад шыльдай Nex­ta. 

    Раман Пратасевіч трапіў у рукі беларускіх спецслужбаў у маі 2021-га, калі ў мінскім аэрапорце прымусілі жыццявіць пасадку самалёта Rynair, які ляцеў маршрутам Афіны-Вільня. Разам затрымалі студэнтку Соф’ю Сапегу, пазней яе асудзілі на 6 гадоў зняволення за адміністраванне “Чорнай кнігі Беларусі”. Раман Пратасевіч заключыў здзелку са следствам, а таксама неаднаразова быў удзельнікам прапагандысцкіх шоў, дзе з лёгкасцю “здаваў” сваіх былых “падзельнікаў”. Наўзамен атрымаў больш лёгкі хатні арышт, аднак, як аказалася, гэта не вызваліла яго ад крымінальнай адказнасці.    

    Чытайце яшчэ:

    Рэдактары незалежных медыя: “Хочацца пажадаць калегам назапашваць сілы і рэсурсы, каб мы былі гатовыя да новых выклікаў”

    “Идеология, геноцид, слежка” — что случилось в 2022 году в правовом поле?

    «Минская правда» опубликовала инструкцию «как правильно сдаваться в плен», а после удалила ее с сайта

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці