“Газета Слонімская” прыпыніла свой выхад на паўгода
Пра гэта паведаміла з-за мяжы выдавец “Газеты Слонімскай” і газеты “Аддушына” Ганна Валадашчук.
— Наша прыватнае ўнітарнае прадпрыемства (ПУП “Рэдакцыя газеты “Газета Слонімская”) накіравала ў Мінінфармацыі, на Белпошту і ў падатковую інспекцыю паведамленне аб прыпыненні дзейнасці па выданню нашых папяровых газет з 10 лістапада 2020 года па 9 траўня 2021 года. У нас забралі ўсю тэхніку, усе носьбіты інармацыі, пагражалі крымінальнай справай без усялікіх на тое законных падстаў. У такіх умовах выдаваць газету стала немагчыма, а нам давялося выехаць за межы Беларусі. Спадзяюся, калі сітуацыя зменіцца, мы зможам аднавіць выхад нашых газет, — сказала ў размове з аўтарам гэтых радкоў Ганна Валадашчук.
Што да сайта gs.by, то рэдакцыя шукае магчымасці аднавіць яго працу.
Нагадаем, што 9 лістапада, без папяраджання, але з санкцыяй пракуратуры, міліцыянеры спачатку прыйшлі з вобшукам у кватэру выдаўца “ГС” Ганны Валадашчук, адкуль забралі 2 камп’ютара і ўсе носьбіты інфармацыі, а потым такім жа чынам вынеслі ўсю камп’ютарную тэхніку з рэдакцыі, паралізаваўшы працу па выпуску чарговага нумару газеты.
Падставай для разгрому рэдакцыі “Газеты Слонімскай” паслужыла ўзбуджнне крымінальнай справы за паклёп у дачыненні да аднаго з супрацоўнікаў Слонімскага РАУС у Тэлеграм-канале. Якое дачыненне можа мець да гэтага паклёпу на чужым Тэлеграм-канале выдавец “Газеты Слонімскай” Ганна Валадашчук, міліцыянеры не патлумачылі. Сказалі толькі, што па справе яна праходзіць у якасці сведкі, разграмілі рэдакцыю, пакінулі чытачоў без газеты, а ўсіх супрацоўнікаў газеты без заробку і без працы.