Фатограф, які здымаў беларускія пратэсты ў 2020 годзе, сёння атрымаў прэмію World Press Photo
Сёння, 20 красавіка, World Press Photo назваў пераможцаў найбольш вядомай у свеце прэміі сярод рэпарцёраў-фатографаў. Лепшым здымкам мінулага года стала праца ўкраінскага фатографа, журналіста Яўгена Малалеткі.
Пераможны здымак украінскага фатографа, журналіста Яўгена Малалеткі нагадвае пра страхі і людскія няшчасці. Падчас аблогі Марыупаля Яўген аказаўся адным з нямногіх рэпарцёраў, хто працягваў дакументаваць жыццё горада.
Адна з трагедый, якая шырока асвятлалася, разварочвалася каля радзільні. У момант, калі адтуль выносілі 32-гадовую Ірыну Калініну, побач знаходзіўся Малалетка, які зрабіў гэты здымак для амерыканскага інфармагенцтва Associated Press.
Драматычнасць фатаграфіі — у лёсе жанчыны і яе дзіцяці. Сын нарадзіўся мёртвым, яго назвалі Міронам (у гонар міру), а сама жанчына памерла праз паўгадзіны пасля родаў.
Раней Яўген Малалетка асвятляў падзеі Рэвалюцыі Годнасці ва Украіне, баявыя дзеянні на Данбасе і Нагорным Карабаху. А таксама пратэсты ў Беларусі ў 2020 годзе і пандэмію COVID-19 ва Украіне.
— Мне здаецца, калі ты працуеш на адрэналіне ў такіх умовах, то не думаеш пра ўсведамленне смерці, — расказваў ён у адным з інтэрв’ю. — Гэта воля выпадку: заб’юць, значыць заб’юць. Ад гэтага ніхто не застрахаваны. Працу рабіць трэба і лішні раз не рызыкаваць. Страшна было выходзіць з лякарні нейкі час, таму што моцна крылі, ці ты выйшаў, пачаўся абстрэл і ты не можаш з’ехаць з гэтага раёна і пачынаеш рухацца назад перабежкамі ў будынак, каб схавацца.
Лепшай серыяй здымкаў World Press Photo мінулага года назваў працу фатографа з Даніі Мэдса Нісэна, які працуе ў штодзённай газеце Politiken, вядомай ва ўсім свеце прыхільнасцю да візуальнай журналістыкі.
Ён прысвячае свае працы сучасным сацыяльным праблемам, такім як няроўнасць, парушэнні правоў чалавека і разбуральныя адносіны з прыродай.
Так, падчас паездкі ў Афганістан ён зрабіў серыю здымкаў, якія назваў «Цана міру ў Афганістане». Герой аднаго з фотаздымкаў — 15-гадовы хлопец, нырку якога бацькі прадалі за 3500 долараў, каб заплаціць даўгі. Пасля аперацыі падлетак пакутуе ад хранічнага болю. Ён больш не можа гуляць у футбол і крыкет.
Узнагарода за доўгатэрміновы праект прызначаная фатографцы Ануш Бабаджанян за серыю фотаздымкаў аб праблемах кіравання воднымі рэсурсамі ў Цэнтральнай Азіі, праект паказвае моцны дух людзей, вымушаных прыстасоўвацца да новых рэалій.
А праца егіпецкага візуальнага сторытэлера Махамеда Магдзі «Тут, дзверы не ведаюць мяне» атрымала прэмію адкрытага фармату. Вэб-праект дакументуе жыццё рыбацкай вёскі, якая можа вось-вось знікнуць.
Чытайце яшчэ:
Татьяна Ткачева — среди финалистов премии фотожурналистики World Press Photo