Экспертыза не знайшла экстрэмізму ў аглядзе праваабаронцаў
Экспертная камісія вырашыла, што ў Аглядзе-хроніцы «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе» няма «звестак, што ўтрымліваюць прыкметы экстрэмізму».
Пра гэта паведамляецца ў лісце намесніка начальніка Ашмянскай мытні па праваахоўнай працы Дзмітрыя Сцепаненкі праваабаронцу са Смаргоні Аляксандру Дзергачову.
Як вынікае з паслання, экспертнае заключэнне было зроблена 14 верасня. Цяпер мытня прапануе сп-ру Дзергачову забраць кнігі ў Ашмянах.
Дакумент апублікаваў сайт spring96.org.
Нагадаем: 13 сакавіка на літоўска-беларускім памежным пераходзе Каменны Лог мытнікі затрымалі Агляд-хроніку «Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі ў 2014 годзе» і яго англамоўны варыянт «Situation of Human Right in Belarus in 2014» – усяго 47 асобнікаў. Кнігі Аляксандр Дзергачоў перавозіў на сваім асабістым аўтамабілі.
Агляд выдае закрыты ўладамі праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Што стала з забранай на мяжы цягам года друкаванай прадукцыяй?
Выпадкі вынятку друкаванай літаратуры на мяжы. 2012–2015 г.г. (Табліца, абнаўляецца)