ЕГУ займеў падручнік па журналісцкай этыцы ад Анатоля Гуляева
Кніга “Прафесійная этыка журналіста” выйшла ў выдавецтве Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта. Выданне змяшчае тэарэтычны матэрыял і прыклады этычных канфліктаў у сучаснай беларускай журналістыцы.
Па словах аўтара выдання, старшыні Камісіі па этыцы ГА “БАЖ” Анатоля Гуляева, падручнік падрыхтаваны як для студэнтаў, так і для практыкуючых журналістаў. Ён мае на мэце дапамагчы журналістам выбудаваць іерархію каштоўнасцяў і ў адпаведнасці з імі сфармаваць сваю прафесійную пазіцыю. Асаблівая ўвага надаецца ўвядзенню механізмаў журналісцкага самакіравання. Асобны раздзел прысвечаны анлайнавай журналістыцы.
— Некаторыя лічаць, што ў інтэрнэце журналісцкая этыка павінна выглядаць нейкім асаблівым чынам. У кнізе я прыводжу меркаванні многіх спецыялістаў у галіне журналісцкай этыкі, большасць з якіх прыходзяць да высновы, што этыка ў інтэрнэце толькі развівае ўжо існуючыя этычныя кодэксы, а ніяк не адмяняе іх. Безумоўна, тэхналогіі ідуць наперад, развіваюцца, але гэта ніяк не адмяняе асноўных этычных прынцыпаў, – кажа аўтар.– У этычныя кодэксы розных краін свету з часам уносяцца праўкі. Пэўныя змены ў хуткім часе будуць унесеныя і ў Кодэкс журналісцкай этыкі ГА “БАЖ”. Камісія па этыцы ўжо даўно працуе над гэтым пытаннем. Але ўсе гэтыя праўкі тычацца выключна развіцця тэхналогій, але ніякім чынам не адмяняюць галоўных прынцыпаў журналісцкай этыкі.
Па словах Анатоля Гуляева, выданне ўжо самым бліжэйшым часам з’явіцца ў крамах “Акадэмкнігі” і ў кнігарні Еўрапейскага гуманітарнага універсітэта.