Дзясяткі падпісчыкаў прыйшлі падтрымаць блогера «Краіна для жыцьця» ў ДАІ. ФОТА
Падпісчыкі прыйшлі ва ўпраўленьне ДАІ ГУУС Менгарвыканкаму, каб падтрымаць блогера Сяргея Ціханоўскага. Яго аштрафавалі за парушэньне правілаў дарожнага руху на палову базавай велічыні (12,75 рубля).
На Ціханоўскага, аўтара папулярнага ютуб-каналу «Краіна для жыцьця», склалі пратакол пасьля акцыі Мікалая Статкевіча на плошчы Свабоды ў Менску 6 кастрычніка. Блогер вёў стрым з акцыі.
Як затрымалі блогера?
Паводле Ціханоўскага, яго «вялі» шэсьць экіпажаў ДАІ. У раёне вуліцы Карла Маркса аўтамабіль, на якім ехаў блогер, спыніўся, і супрацоўнік ДАІ паведаміў, што на машыну зарэгістраваныя неаплачаныя штрафы.
Потым супрацоўнікі шукалі розныя зачэпкі для затрыманьня. Прыехалі амапаўцы, і Сяргея Ціханоўскага запрасілі праехаць у Ленінскі РАУС. Блогер вёў стрым з пастарунку. Супрацоўнікі вырвалі тэлефон у яго з рук і спынілі трансьляцыю. Урэшце на Ціханоўскага склалі пратакол за таніраваныя вокны ў аўтамабілі і выдалі позву прыйсьці ў ДАІ 14 кастрычніка. Пасьля гэтага блогера адпусьцілі. Агулам ён правёў у Ленінскім РАУС дзьве гадзіны.
Блогер лічыць сябе невінаватым, ён заклікаў праз свой канал сваіх падпісчыкаў прыйсьці ў ДАІ і падтрымаць яго, паглядзець «на гэтае „бязьмежжа“, на гэтую мярзоту».
«Прыходзьце, падтрымаеце мяне, пагутарым. Давайце будзем змагацца. Прэсуюць жа не мяне, а наша імкненьне жыць у „краіне для жыцьця“, яны прэсуюць, не дазваляюць нават галаву падняць», — сказаў блогер у сваім відэазвароце.
Што адбывалася ў менскім ДАІ?
Падтрымаць Сяргея Ціханоўскага прыйшлі больш за 30 падпісчыкаў зь Менску, Ліды, Горадні, Гомля. Яны прайшлі разам зь ім у актавую залю, дзе выканаўца абавязкаў начальніка Менскага ДАІ разгледзеў адміністрацыйную справу.
Падпісчыкі воплескамі падтрымлівалі Сяргея Ціханоўскага. Яны запатрабавалі, каб у залі спынілі паказ відэасюжэту тэлеканалу ОНТ пра дарожна-транспартныя здарэньні, вялі стрым з залі, патрабавалі апраўдаць блогера. Урэшце Сяргею Ціханоўскаму выпісалі штраф у палову базавай за таніроўку шкла. Блогер лічыць гэтае рашэньне несправядлівым.
«Пратакол быў надрукаваны да пачатку адміністрацыйнага працэсу, туды толькі ўпісалі суму. То бок вядуць працэс, а рашэньне прызнаць вінаватым ужо ёсьць. Гэта быў цырк, фарс. Мы спрабавалі заявіць хадайніцтва, каб выклікалі сьведак, патрабавалі правесьці экспэртызу, але нас ніхто ня слухаў. Сказалі, што мяне, аказваецца, ніхто не затрымліваў. А даішнік мае права „на вока“, без прыстасаваньня вызначаць ступень сьвятлопранікальнасьці шкла. Прадстаўнік ДАІ сказаў, што паказаньняў ягоных супрацоўнікаў дастаткова, каб вынесьці рашэньне», — сказаў Сяргей Ціханоўскі карэспандэнту Свабоды.
Блогер кажа, што наўрад ці столькі супрацоўнікаў міліцыі было задзейнічана ў яго затрыманьні, каб потым выпісаць палову базавай штрафу.
«Я думаю, яны хацелі адабраць наша абсталяваньне, з дапамогай якога мы вялі стрым. Альбо проста запалохаць. Але яўна столькі экіпажаў за мной ганяліся ня дзеля таго, каб даць палову базавай. Але паколькі мне ўдалося весьці адтуль стрым і людзі даведаліся, што я ў РУУС, то многія пачалі туды тэлефанаваць і прыяжджаць. І мяне выпусьцілі з пастарунку».
Пасьля вынесенага рашэньня падпісчыкі яшчэ абмяркоўвалі сытуацыю ў двары ДАІ, вялі стрым. Супрацоўнікі міліцыі ў цывільным назіралі, вялі апэратыўныя відэаздымкі, але не перашкаджалі.
Чаму падпісчыкі прыйшлі падтрымаць блогера?
Аляксей Елісееў — зямляк Сяргея Ціханоўскага з Гомля, адкуль у ДАІ прыехалі пяць чалавек.
«Я бачу, што гэтая справа шытая белымі ніткамі. Я перакананы, што яго затрымлівалі, каб забраць відэакамэру, каб ён ня вёў стрымы. Бо ў Сяргея хутка расьце колькасьць падпісчыкаў, канал разьвіваецца. Але наадварот, сваімі дзеяньнямі супрацоўнікі міліцыі толькі павялічваюць колькасьць падпісчыкаў. Людзі прыйшлі падтрымаць, яны зразумелі, што тут няма нічога страшнага і трэба аб’ядноўвацца. Усе разам мы спрабуем будаваць краіну для жыцьця людзей, а не для чыноўнікаў», — сказаў Аляксей Елісееў.
Паводле Аляксея, падпісчыкі з Гомля прыехалі падтрымаць земляка і дапамагчы яму.
«Калі колькасьць лайкаў на любым са стрымаў ці відэаролікаў перавышае тысячу, людзі пішуць, што падтрымліваюць, але потым на працэсе людзей няма. Мы езьдзім дзеля падтрымкі. Магчыма, тыя, хто нас пабачыць, зразумее, што баяцца няма чаго», — сказаў Аляксей Елісееў.
«Гэта поўнае „бязьмежжа“, даішнікам трэба было проста папрасіць прабачэньня. Усе ж бачылі, што адбывалася ў эфіры. Ён не хаміў, не адмаўляўся, а яго душылі. Яны да яго на хвост на плошчы Свабоды падселі і вялі. Ён сам спыніўся і спытаў: „Што вы ад мяне хочаце?“. І пачалося, забралі ў пастарунак. Сёньня вось зрабілі судзілішча. Дзе даказана, што таніроўка была парушаная? Навошта гэтае шоў было?» — сказаў спадар Анатоль.
«Я прыйшла не канкрэтна падтрымаць блогера, а падтрымаць кожнага чалавека, і ў тым ліку сябе. Калі сёньня не прыйсьці і не падтрымаць, то заўтра затрымаюць цябе», — сказала Вольга Беляўцова.
«Я абураны, я разумею, што Сяргея прэсуюць толькі за тое, што ён вёў стрым з майго апошняга пікету на плошчы Свабоды», — сказаў Свабодзе сябра «Народнай грамады» Валянцін Троцкі.
«Колькасьць падпісчыкаў відэаканалу Сяргея за тры месяцы вырасла больш як у два разы, ён стаў уплывовым палітычным каналам. На яго аказваюць ціск, і бачна, што працэс тут палітычны. Мы зь ім добра знаёмыя, і я прыйшла яго падтрымаць», — сказала Вераніка Мішчанка.
Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!