Для «палітычных», сілавікоў і чыноўнікаў абмежавалі выезд з Беларусі
16 траўня на Нацыянальным прававым інтэрнет-партале апублікавалі праўкі ў закон «Аб парадку выезду з Рэспублікі Беларусь і ўезду ў Рэспубліку Беларусь грамадзян Рэспублікі Беларусь». Дакумент абмяжоўвае права на выезд з краіны адразу некалькім катэгорыям грамадзянаў, піша "Белсат".
Паводле апублікаваных змяненняў, КДБ зможа на тэрмін да паўгода абмяжоўваць выезд як тым, хто стаіць на прафілактычным уліку ў органах дзяржаўнай бяспекі, гэтак і тым чый «выезд супярэчыць інтарэсам нацыянальнай бяспекі». Сярод іншага выезд забароняць тым, у дачыненні да якіх вядзецца адміністрацыйны працэс за правапарушэнні супраць парадку кіравання: непадпарадкаванне патрабаванню міліцыянтаў, парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых акцыяў і іншыя.
Абмяжоўвае дакумент і выезд за мяжу найвышэйшых чыноўнікаў. Цяпер зрабіць гэта яны змогуць толькі пасля ўзгаднення з Аляксандрам Лукашэнкам. У прыватнасці, абмежаванні датычаць старшынь абласных і Менскага гарадскога выканкамаў, начальнікаў Службы бяспекі прэзідэнта і Аператыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзідэнце, старшыні КДБ, міністраў унутраных і замежных справаў, абароны і надзвычайных сітуацыяў, старшыняў памежнага, мытнага і следчага камітэтаў, камітэту судовых экспертыз і начальніка Дзяржаўнай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.
Выезд з Беларусі кіраўнікоў дзяржаўных органаў, дзяржаўных арганізацыяў і работнікаў, адказных за забеспячэнне дзейнасці і тэхнічнае абслугоўванне дзяржаўных органаў, якія маюць допуск да дзяржаўных сакрэтаў, будзе вызначаць урад, а сілавікоў і вайскоўцаў – «лакальны прававы акт» адпаведных ведамстваў.
Таксама ім могуць адмовіць у выездзе «ў мэтах забеспячэння інтарэсаў нацыянальнай бяспекі да спынення абставін, якія перашкаджаюць іх выезду». Пры наяўнасці ў гэтых асобаў біяметрычнага пашпарта, на час службы яны мусяць перадаць яго ў кадравую службу сваёй арганізацыі.
Забарона для «палітычных» набывае моц праз шэсць месяцаў, а іншыя палажэнні – пасля афіцыйнага апублікавання закону.
Чытайце яшчэ:
Как жить с тревожностью. Советы психолога
«Надеюсь, мои ровесники станут слушать меня, а не пропаганду». Почему бабушка из фильма Дудя завела свой YouTube-канал
У Instagram — разнарадкі на падпіскі, на YouTube — стаўка на расейскіх гледачоў. Як беларуская прапаганда працуе ў сацсетках