• Актуальнае
  • Медыяправа
  • Карыснае
  • Кірункі і кампаніі
  • Агляды і маніторынгі
  • Рэкамендацыі па бяспецы калег

    Дэбаты ў Магілёве. “Палітыкі vs журналісты: як узаемадзейнічаць?”

    22 снежня ў Магілёве сябры Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” правялі дэбаты на тэму “Палітыкі vs журналісты: як узаемадзейнічаць?”

    Рыгор Кастусёў і Аляксандр Буракоў

    Удзел у дыскусіі, якая праходзіла ў грамадскім цэнтры “Кола”, прынялі больш за дваццаць журналістаў і грамадскіх актывістаў з розных рэгіёнаў Магілёўшчыны. Пазіцыю палітыкаў у “Дэбат-клубе” прадстаўляў кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў, у якасці яго апанента выступаў журналіст праваабарончага сайта mspring.online Аляксандр Буракоў (малодшы).

    Напачатку дэбатаў іх мадэратар Аляксандр Буракоў (старэйшы) звярнуў увагу ўдзельнікаў мерапрыемства на тое, што тэма ўзаемадзеяння журналістаў і палітыкаў заўсёды з’яўляецца актуальнай. Пэўную вастрыню дыскусіі надаваў і той факт, што менавіта на сайце mspring.online/ryhor-kastusiou/ з’явілася інтэрв’ю з Рыгорам Кастусёвым пасля абрання яго старшынёй Партыі БНФ. Падчас інтэрв’ю журналіст задаваў палітыку вострыя пытанні наконт невялікай актыўнасці партыі ў Магілёве.

    Рыгор Кастусёў у сваім выступе звярнуў увагу прысутных на тым, што, на яго думку, не кожны, хто называе сябе журналістам, насамрэч ім з’яўляецца. Таксама палітык выказаў меркаванне, што журналістам трэба абавязкова ўлічваць чалавечы фактар, а не толькі прафесійны.

    “Палітычная партыя павінна дапамагаць людзям вырашаць праблемы, а не піярыцца. Іншая справа, як журналісты могуць да гэтага падыходзіць. Журналістыка падобная на паход у лес — калі ты ідзеш у грыбы, а вяртаешся без іх, гэта не значыць, што грыбоў няма. Проста ты дрэнны грыбнік, раз іх не знайшоў”, — адзначыў Рыгор Кастусёў.

    Ён падкрэсліў, што, калі б кіраўнікі рэгіянальных партыйных структур ладзілі нейкія акцыі толькі для таго, каб “засвяціцца” у СМІ, ён бы іх не вельмі паважаў. Іх дзейнасць павінна быць скіраваная на развіццё і захаванне структур, на дапамогу простым людзям, а не на піяр. Вялікая ўвага павінна надавацца і на тое, каб “не падстаўляць” людзей, не дапускаць таго, каб яны патраплялі пад пераслед з боку ўладаў і праваахоўных органаў.

    Таксама палітык адзначыў, што ён асабіста заўсёды ахвотна ідзе на кантакт з журналістамі і з разуменнем ставіцца да іх просьбаў даць інтэрв’ю ці зрабіць нейкі каментар. Разам з тым Рыгор Кастусёў заявіў, што ён лічыць, што журналіст ва ўмовах аўтарытарнай краіны яшчэ і абавязаны выконваць місію па распаўсюджванню нацыянальных і дэмакратычных каштоўнасцяў. Многія ж з прадстаўнікоў маладога пакалення журналістаў разглядаюць сваю прафесію толькі як спосаб зарабляць грошы.

    Аляксандр Буракоў (малодшы) і Аляксандр Буракоў (старэйшы)

    Апанент Рыгора Кастусёва, Аляксандр Буракоў (малодшы) сказаў пра тое, што ёсць пытанне, ці ёсць зараз у беларусі палітыкі наогул. На яго думку, проста ёсць пэўная супольнасць людзей, якая спрабуе змяніць існуючую ў краіне сітуацыю. У прыватнасці, у Магілёве ёсць толькі некалькі асобаў, якія спрабуюць нешта рабіць. З боку палітычных партый актыўнасць у Магілёве вельмі нізкая. У асноўным яна складаецца ў тым, што прадстаўнікі партый складаюць нейкія петыцыі і нясуць іх у гарвыканкам.

    Таксама Буракоў (малодшы) выказаў думку, што журналіст не павінен асвятляць дэмакратычны рух толькі таму, што ён дэмакратычны. “Мне трэба асвятляць цікавыя падзеі, а не нейкія ўнутрыпартыйныя мерапрыемствы”, — сказаў журналіст.

    На яго думку, дваццаць гадоў развіцця беларускай дзяржавы прывялі да таго, што сёння адкрыццё бара ў Магілёве мае большую грамадскую значнасць, чым сход гарадской суполкі БНФ, як гэта не сумна.

    Аляксандр Буракоў (малодшы) лічыць, што малая прысутнасць палітычных партый і рухаў у інфармацыйнай прасторы робіць горш толькі ім самім:

    “У 1990‑я апазіцыйныя палітыкі выступалі ў супрацьвагу дзяржаўным функцыянерам. Фактычна дзяржаўная прэса спаборнічала з незалежнай. Але дадзены фармат састарэў. Цяпер галоўны «вораг» беларускіх апазіцыйных палітыкаў не дзяржСМІ, а Face­book, ВКонтакте і незлічонае мноства забаўляльных парталаў. А палітыкі кажуць, што журналісты павінны прыкласці больш намаганняў, каб даведацца пра тое, што адбываецца ў партыях і рухах”.

    Актыўны ўдзел у дыскусіі прынялі і іншыя ўдзельнікі сустрэчы. Кожны імкнуўся выказацца і данесці да прысутных сваё меркаванне.

    Мадэратэр мерапрыемства Аляксандр Буракоў (старэйшы) выказаў падзяку Рыгору Кастусёву за тое, што палітык пагадзіўся прыняць удзел у дэбатах. Ён падкрэсліў, што ў Магілёве сапраўды даволі нізкая актыўнасць усіх палітычных партый, і Партыя БНФ сярод іншых выглядае не горшым чынам. Таксама Буракоў (старэйшы) адзначыў, што, калі старэйшае пакаленне ставіцца да журналістыкі, як да місіі, то малодшае пакаленне адносіцца да яе, як да бізнэса.

    Сябар ГА “БАЖ” з Хоцімска Валерый Каранкевіч падкрэсліў, што яму асабіста ў сваім рэгіёне даводзіцца быць адначасова і журналістам, і палітыкам, і праваабаронцам. Людзі звяртаюцца па дапамогу па самых розных пытаннях, патрэбна дапамагаць іх вырашаць. На яго думку. Актыўнасць у розных сферах можна сумяшчаць, галоўнае — заўсёды заставацца чалавекам.

    Валерый Каранкевіч

    Грамадскі актывіст з Магілёва Леанід Осіпаў выказаў меркаване, што, на жаль, у нашай краіне жывуць не па законе, а “по понятиям”. Журналісты  і палітыкі — кожны павінен рабіць сваю працу, каб адбыліся нейкія станоўчыя змены.

    “Я быў і журналістам, і палітыкам, —распавёў адзін з пачынальнікаў дзейнасці ГА “БАЖ” на Магілёўшчыне Віталь Васількоў. — У пачатку 1990‑х гадоў аўтарытэт журналіста быў такі, што яго слухалі, паважалі, ён быў важнай асобай. На жаль, з 1994 года палітыкі і журналісты пачалі губляць свой уплыў. Больш за 20 год ішоў працэс дэградацыі ў палітыцы, журналістыцы, эканоміцы, сацыяльнай і іншай сферах”.

    Віталь Васількоў

    Васількоў падкрэсліў, што цяпер і журналістам, і палітыкам не хапае жывой размовы з маладымі людзьмі.

    Магілёўскі журналіст Алесь Сабалеўскі выказаў меркаванне, што ў палітыкам у Магілёве патрэбна неяк больш сябе піярыць. Ён прывеў какнкрэтныя прыклады з дзейнасці Магілёўскага ТБМ, культурніцкіх ініцыятыў, якія заўсёды добра асвятляюць свае акцыі. На жаль, падзеі ў жыціі мясцовых структур палітычных партый у горадзе праходзяць незаўважна. У Магілеве партыі працуюць нібыта ў падполлі, хоць усе яны афіцыйна зарэгістраваныя. Таму палітычнае жыццё ў горадзе і дэградуе.

    Журналіст Міхась Аршынскі адзначыў, штоцяпер мусіць быць новы падыход ва ўзаемаадносінах паміж палітыкамі і журналістамі. Разам з тым праваабаронцы, палітыкі і журналісты павінны быць салідарнымі. Яны павінны аказваць адзін аднаму падтрымку ў складанай сітуацыі, бо жыць пад пастаянным прэсінгам вельмі цяжка. Аршынскі на ўласным прыкладзе распавёў, як цяжка перажываць стрэс, жыць пад пагрозай штрафа і пераследу з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў.

    Міхась Аршынскі

    Дыскусія паміж удзельнікамі дэбатаў доўжылася больш за паўтары гадзіны. Іх вынік падвёў старшыня Магілёўскай суполкі ГА “БАЖ” Барыс Вырвіч, які звярнуў увагу на неабходнасць дыялогу паміж двума бакамі:

    “Ужо тое, што мы паднялі гэтую тэму, кажа пра жаданне ісці наперад і працаваць разам. Такія дэбаты неабходныя, каб лепш разумець адзін аднаго”.

    Магілёўскія БАЖаўцы запланавалі правесці ў студзені 2018 года яшчэ адны дэбаты на тэму “Моладзевыя лідары vs журналісты: як узаемадзейнічаць?” Плануецца, што да дыскусіі будуць запрошаныя грамадскія лідары новай генерацыі.

    Самыя важныя навіны і матэрыялы ў нашым Тэлеграм-канале — падпісвайцеся!
    @bajmedia
    Найбольш чытанае
    Кожны чацвер мы дасылаем на электронную пошту магчымасці (гранты, вакансіі, конкурсы, стыпендыі), анонсы мерапрыемстваў (лекцыі, дыскусіі, прэзентацыі), а таксама самыя важныя навіны і тэндэнцыі ў свеце медыя.
    Падпісваючыся на рассылку, вы згаджаецеся з Палітыкай канфідэнцыйнасці