Цімафеева, Хадановіч, Мартысевіч і яшчэ 25 чалавек звярнуліся ў Камісію па этыцы супраць “Нашай Нівы”
Альгерд Бахарэвіч, Андрэй Хадановіч, Марыя Мартысевіч і яшчэ 25 чалавек звярнуліся з калектыўнай скаргай у Камісію па этыцы ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў" на газету “Наша Ніва”. Аўтары звароту мяркуюць, што выданне парушыла журналісцкую этыку, асвятляючы ўганараванне лаўрэатаў прэміі “Кніга года — 2016”.
У прыватнасці, заяўнікі гавораць, што загаловак “Нечаканасць: прэмію “Кніга года — 2016” атрымаў не Горват, а зборнік вершаў Насты Кудасавай”, зневажае як Насту Кудасаву, так і Андруся Горвата.
— Слова “Нечаканасць” у загалоўку мяркуе, што перамога кнігі Горвата была агульначаканай, але ніякіх пераканаўчых доказаў гэтаму не прыведзена. Загаловак ставіць пад сумнеў вартасць зборніка паэзіі Насты Кудасавай, а таксама відавочна эксплуатуе папулярнасць кнігі Андруся Горвата для прыцягнення ўвагі, павышэння клікабельнасці анлайн-матэрыялу. Гэты загаловак таксама парушае логіку матэрыялу, які мае інфармацыйны (а не аналітычны, палемічны) характар. Парушэнне гэтага стандарту Рэдакцыяй надало матэрыялу ацэначны характар, стварыла атмасферу скандалу там, дзе яго не было. Мела месца маніпуляцыя аўдыторыяй, вынікам якой сталіся негатыўныя каментары ў бок Насты Кудасавай, Андруся Горвата, журы і арганізатараў прэміі “Кніга года” як у сацыяльных сетках, так і на сайце nn.by, — гаворыцца ў звароце.
Другая прэтэнзія заяўнікаў тычыцца матэрыялу “У журы прэміі «Кніга года» жонка прагаласавала за кнігу мужа, а муж — за жончыну”.
Заяўнікі лічаць, што публікацыі “Нашай Нівы” ініцыююць цкаванне ў інтэрнэце пэўных публічных асобаў, што агульнапрызнана разнавіднасцю псіхалагічнага гвалту.
Аўтары звароту мяркуюць, што такім чынам рэдакцыя “НН” сістэмна парушае прафесійныя стандарты журналісцкай працы, дэзарыентуе аўдыторыю, правакуе грамадскія канфлікты, стварае атмасферу варожасці ў беларускім культурным полі.
Скаргу падпісалі:
1. Павел Анціпаў
2. Мікалай Анціпаў
3. Юлія Атцэцкая
4. Альгерд Бахарэвіч
5. Крысціна Бандурына
6. Дар’я Візнэр
7. Андрэй Вылінскі
8. Валер Гапееў
9. Ірына Гародка
10. Станіслава Гусакова
11. Максім Жбанкоў
12. Алена Казлова
13. Марына Казлоўская
14. Наста Кудасава
15. Павел Касцюкевіч
16. Аліна Крушынская
17. Ігар Крэбс
18. Марыя Мартысевіч
19. Кацярына Маціеўская
20. Марыя Пушкіна
21. Алена Пятровіч
22. Наталля Рак
23. Дар’я Рамановіч
24. Андрэй Хадановіч
25. Наталка Харытанюк
26. Юлія Цімафеева
27. Марына Шода
28. Ганна Янкута
Нагадаем, што Камісія па этыцы ГА «БАЖ» ажыццяўляе кантроль за выкананнем норм Дэкларацыі прынцыпаў прафесійнай этыкі, Кодэкса журналісцкай этыкі ГА «БАЖ» яе сябрамі; праводзіць праверкі па фактах парушэння сябрамі БАЖ Дэкларацыі, Кодэкса і разглядае выпадкі парушэння сябрамі арганізацыі Дэкларацыі і Кодэкса журналісцкай этыкі. Пасяджэнне камісіі па дадзенай справе пакуль не прызначана.
Фота Беларускі ПЭН-цэнтр